Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў з друку першы нумар магілёўскага літаратурна-мастацкага альманаха «Брама». На яго старонках апублікаваныя творы 27 аўтараў.

У першым выпуску альманаха зьмешчаныя паэзія, проза, драматургія, пераклады і літаратуразнаўчыя артыкулы, успаміны і эсэ, прысьвечаныя жыцьцю і творчасьці Сяргея Грахоўскага, Аляксея Пысіна, Міхася Ларчанкі, Рыгора Бярозкіна, Яўгеніі Янішчыц, Янкі Сіпакова.

«Брама» знаёміць з прозай Сяргея Ўкраінкі, Валерыя Казакова, Тацяны Барысік, Алены Казловай, Анатоля Санаценкі, Уладзіміра Савіча, Міхася Калясянца, вершамі Дзяніса Сідарка, Міколы Яцкова, Алы Яцковай, Аляксея Карпенкі, Фелікса Шкірманкова, Ёўгі Казловай, Віктара Качана.

Тамара Аўсяннікава выступіла ў альманаху і з апавяданьнем, і зь вершамі, і з эсэ пра Яўгенію Янішчыц. Драматургія прадстаўленая п’есай Віталя Еўмянькова.

Свае літаратурныя альманахі маюць таксама Гарадзенскае («Новы Замак») і Берасьцейскае («Жырандоля») абласныя адзьдзяленьні СБП. Гомельскія літаратары таксама рыхтуюць першы выпуск свайго выданьня, паведамляе прэсавая служба Саюза беларускіх пісьменьнікаў.
XS
SM
MD
LG