Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэзыдэнт Кіргізстана ігнаруе менскі саміт СНД


Алзамбек Атамбаеў

Алзамбек Атамбаеў

Лідэр Кіргізстана Алмазбек Атамбаеў не задаволены пазыцыяй афіцыйнага Менска, які ня хоча выдаваць зрынутага прэзыдэнта краіны Курманбека Бакіева, асуджанага на радзіме.

Напярэдадні саміту Атамбаеў заявіў у інтэрвію мясцовай прэсе, што беларускія ўлады пакрываюць арганізатараў нядаўніх сутыкненьняў на поўдні Кіргізстану.

Замест прэзыдэнта на саміце СНД ў Менску Кіргізстан будзе прадстаўляць першы віцэ-прэм’ер ураду Джамарт Атарбаеў. Пра гэта паведаміла РІА «Новости» са спасылкай на аддзел інфармацыйнага забесьпячэньня апарату ўраду Кіргізстана.

У прэсавай службе кіраўніка кіргіскай дзяржавы не растлумачылі прычыну адсутнасьці прэзыдэнта Алмазбека Атамбаева на самітах ў Менску, сказаўшы толькі, што Атарбаеў раней ужо прадстаўляў Кіргізстан на пасяджэньні кіраўнікоў дзяржаў СНД у Ашхабадзе.

У красавіку 2010 году ў Кіргізстане зрынулі былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева. Падчас тых падзей загінулі каля 90 чалавек, каля тысячы атрымалі раненьні. Курманбек Бакіеў, яго брат Жаныбек, сын Марат і іншыя набліжаныя завочна былі абвінавачаныя ў масавым забойстве, зьвязаным зь перавышэньнем службовых паўнамоцтваў, і абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Курманбек Бакіеў зь неафіцыйнай жонкай і дваімі дзецьмі прыехаў у Беларусь на асабістае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі 19 красавіка 2010 году.

Новыя ўлады Кіргізстана неаднаразова зьвярталіся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбай аб выдачы Бакіева, але атрымлівалі адмову.

У жніўні 2012 пасол Кіргізстана быў адкліканы зь Менску.

Былы прэзыдэнт Кіргізстана Курманбек Бакіеў і яго малодшы брат Джаныбек Бакіеў завочна асуджаныя ваенным судом Бішкецкага гарнізону ў крымінальнай справе, зьвязанай з забойствам экс-кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мэдэта Садыркулава. Курманбек Бакіеў асуджаны на 24 гады з канфіскацыяй маёмасьці за злачынствы, зьвязаныя з злоўжываньнем службовым становішчам.

Бакіеў нядаўна зазначыў, што ён грамадзянін Беларусі з 2010 году і згодна з заканадаўствам экстрадыцыі не падлягае.
XS
SM
MD
LG