Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па меры набліжэньня Віленскага саміту праграмы «Ўсходняе партнэрства» канкурэнцыя паміж Расеяй і ЭЗ за кантроль над постсавецкімі краінамі абвастраецца.

Масква ўзмацніла ціск на Ўкраіну, Малдову і Армэнію, імкнучыся прадухіліць падпісаньне ў Вільні дамовы аб асацыяцыі паміж гэтымі краінамі і Эўразьвязам. Зь іншага боку, міністры замежных спраў Швэцыі і Польшчы Карл Більт і Радзіслаў Сікорскі напісалі сумесны артыкул, які павінен прывабіць шэсьць краін-чальцоў «Усходняга партнэрства» да гэтага праекту. У Менск на перамовы прыяжджаюць важныя чыноўнікі швэдзкага і польскага МЗС.

І ў дэмакратычнай супольнасьці ажывілася дыскусія наконт дачыненьняў Беларусі і ЭЗ. Былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, які жыве ў эміграцыі, і праваабарончыя арганізацыі даслалі ліст міністрам замежных спраў краін Эўразьвязу з заклікам да эфэктыўных эканамічных санкцыяў супраць беларускага рэжыму). Зь іншага боку, другі кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч у артыкуле ў польскім выданьні Dziennik. Gazeta Prawna, а таксама на сайце naviny.by, наадварот, выступіў за «шырокі дыялёг Польшчы і ЭЗ зь Беларусьсю», у тым ліку зь беларускімі ўладамі.

На мой погляд, няма сур’ёзных падставаў лічыць, што ў адносінах Беларусі і ЭЗ у агляднай будучыні нешта сутнаснае зьменіцца. З шэрагу прычын. Найперш, параўнайце рэсурсы, якія трацяць Расея і ЭЗ у канкурэнцыі за ўплыў на гэты рэгіён. Напрыклад, субсыдыі РФ Беларусі складаюць каля 10 млрд даляраў у год толькі за кошт нізкіх цэнаў на энэргарэсурсы. А ў згаданым артыкуле Карл Більт і Радаслаў Сікорскі пішуць, што гэтым годам ЭЗ накіраваў на падтрымку шасьці (!) краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» толькі 600 млн эўра. Лічбы непараўнальныя.

Пакуль ЭЗ пагружаны ва ўласныя праблемы і ня можа на роўных змагацца з Расеяй за кантроль над рэгіёнамі Ўсходняй Эўропы, не гатовы выдзяляць на гэта рэсурсы, у яго ня будзе эфэктыўнай стратэгіі ўплыву на Беларусь.

Экспэрты і палітыкі, заварожаныя пэрыядам дыялёгу ў 2008–2010 гг. у адносінах Беларусі і ЭЗ, разьлічваюць на хуткае вяртаньне той схемы. Маўляў, быў цыкль размарожваньня стасункаў, пасьля 19 сьнежня пачаўся цыкль «халоднай вайны», а празь нейкі час ківач абавязкова хісьнецца ў іншы бок, зноў пачнецца дыялёг.
Варта зразумець, што цяперашнія адносіны жорсткага палітычнага, ідэалягічнага і дыпляматычнага канфлікту паміж Беларусьсю і ЭЗ — гэта норма ўзаемаадносін

Думаю, гэта ня так. Варта зразумець, што цяперашнія адносіны жорсткага палітычнага, ідэалягічнага і дыпляматычнага канфлікту паміж Беларусьсю і ЭЗ — гэта норма ўзаемаадносін. А кароткі пэрыяд дыялёгу ў 2008–2010 гг. — гэта выключэньне з правілаў, выкліканае рэдкім зьбегам абставін. Тады Расея значна скараціла субсыдыі Беларусі, абвясьціла пра пераход у адносінах зь ёй на рынкавыя прынцыпы. Расейска-грузінская вайна жніўня 2008 году стварыла сытуацыю вострага супрацьстаяньня паміж РФ і Захадам. Нежаданьне Беларусі прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі рэзка павялічыла яе вагу ў вачах ЭЗ і ЗША. Бо ад пазыцыі Менску залежала прызнаньне гэтых самаабвешчаных квазі-дзяржаў іншымі постсавецкімі краінамі, у чым моцна быў незацікаўлены Захад. У пазыцыі ЭЗ адносна беларускага рэжыму на кароткі час геапалітыка выцесьніла каштоўнасьці. Эўропа ў адносінах зь Беларусьсю часткова вынесла за дужкі праблему дэмакратыі і правоў чалавека.

19 сьнежня 2010 году ўсё вярнулася на свае месцы. І я скептычна ацэньваю пэрспэктывы размарожваньня беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў. Уявім, што беларускія ўлады пайшлі на вызваленьне ўсіх палітвязьняў — гэта цалкам рэальна. Але нават пакідаючы ўбаку невырашальную праблему рэабілітацыі палітзьняволеных, я ня бачу парадку дня новага дыялёгу.

Бо аўтаматычнага вяртаньня ў 18 сьнежня 2010 году не адбудзецца. Ілюзіі эўрапейскіх палітыкаў наконт магчымасьці дэмакратызаваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі з дапамогай дыялёгу разьвеяліся пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Тады якая мэта палітыкі ўцягваньня Беларусі ў эўрапейскія працэсы?

Падобная праблема ўзьнікае і з боку афіцыйнага Менску. Лукашэнка таксама траўмаваны падзеямі 19 сьнежня і наўрад ці паўторыць спробы палітычнай лібэралізацыі. Больш за тое, ён нават на эканамічную лібэралізацыю не адважыўся. А субсыдыі з боку Расеі дасягнулі максымальных маштабаў.

Што Менск можа атрымаць рэальна ад ЭЗ наўзамен за вызваленьне палітвязьняў? Субсыдыяваць беларускую эканоміку за геапалітычную ляяльнасьць, як гэта цяпер робіць Расея, Эўразьвяз ня будзе. Крэдыты МВФ? Але для гэтага патрэбныя структурныя эканамічныя рэформы, на якія беларускія ўлады не гатовыя. Тады што?

Інакш кажучы, вызваленьне палітвязьняў паставіць шэраг новых, больш складаных праблемаў, разьвязваць якія не гатовы ні адзін, ні другі бок.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG