Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ паскардзіўся Барсукову на затрыманьні журналістаў


Аляксандар Барсукоў

Аляксандар Барсукоў

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна і яе намесьнік Андрэй Бастунец 23 кастрычніка сустрэліся з начальнікам менскай міліцыі Аляксандрам Барсуковым. За дзеяньні падначаленых Барсукоў ня выбачыўся.

Тэмай гутаркі стала масавае затрыманьне журналістаў 19 кастрычніка на чыгуначным вакзале ў Менску перад сустрэчай Паўла Севярынца.

«Сустрэча з Аляксандрам Барсуковым цягнулася больш за паўгадзіны. Кіраўнік сталічнай міліцыі выслухаў усе нашы аргумэнты і нашу занепакоенасьць адвольнымі затрыманьнямі журналістаў, — апавяла Жанна Літвіна. — Мы яшчэ раз нагадалі, што ня толькі ў супрацоўнікаў міліцыі, але і ў журналістаў ёсьць свае прафэсійныя правы і абавязкі, якія заключаюцца ў тым, каб знаходзіцца непасрэдна на месцы падзеяў і фіксаваць, здымаць, занатоўваць усё, што адбываецца».

Кіраўнікі БАЖ паведамілі Барсукову вынікі маніторынгу, паводле якога за гэты год было як мінімум 35 выпадкаў затрыманьня журналістаў. Чатыры зь іх скончыліся адміністратыўнымі арыштамі.

Аляксандар Барсукоў у адказ адзначыў, што ў мінулую суботу ён не знаходзіўся на месцы канфлікту, але адразу ж прыбыў туды, асабіста спраўдзіў дакумэнты ў журналістаў, пасьля чаго даў падначаленым каманду вызваліць усіх прадстаўнікоў СМІ.

Як паведамляе прэсавая служба БАЖ, Жанна Літвіна прывяла прыклад наладжваньня ўзаемадачыненьняў міліцыі і журналістаў у суседніх краінах. У прыватнасьці, распавяла пра ўвядзеньне ў Маскве так званых «картак бясьпекі» журналістаў. Такія карткі выдаюць органы ўнутраных спраў у адпаведнасьці з мэмарандумам, які падпісалі маскоўская паліцыя і Расейскі саюз журналістаў.
XS
SM
MD
LG