Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі з паветра


У 1929 годзе людзей нарадзілася нямала, а харошых людзей яшчэ болей. А знакамітасьцяў колькі!.. Одры Хэпбэрн ды Людміла Зыкіна, Яўген Глебаў ды Арыяна Фалачы, Імэльда Маркас ды Мілан Кундэра, Арлен Кашкурэвіч ды Норбэрт Рандаў...

Зь імі ня тое што ў адной чарзе — пад адной вокладкай было б ня сорамна.

Дзяўчынка з прозьвішчам Эванс у кіно не здымалася і невыноснай лёгкасьці быцьця не адчувала. Мала таго, яна не зрабілася аўтарам балету «Альпійская баляда» і так і не прасьпявала пра аранбурскія пуховыя хусткі. У гісторыю яна ўвайшла празь іншыя дзьверы. Дакладней, уляцела.

Рэч у тым, што ёй было наканавана зрабіцца першым чалавечым дзіцём, якое нарадзілася ў самалёце. Адбылося гэта 28 кастрычніка 1929 году ў небе над Маямі. Існуе, вядома, верагоднасьць, што гэта ўсё амэрыканцы прыдумалі, каб лішні раз падкрэсьліць сваё першынство скрозь дзе толькі можна — нават у дзетанараджэньні на бартах лятаючых сродкаў; цалкам магчыма, што і да бацькоў міс Эванс людзі почасту займаліся тым, што рабілі дзяцей і давалі ім жыцьцё на мулкіх сядзеньнях аэрапланаў, у гондалах дырыжабляў і кошыках паветраных шароў — але, на жаль, выключна амэрыканцы дадумаліся фіксаваць свае дасягненьні дакумэнтальна.

Міс Эванс зрабілася свайго кшталту родапачынальніцай цэлай чарады авіядзетак: з таго часу сотні малых ва ўсім сьвеце спрабавалі сваім першым крыкам заглушыць шум матораў і зрыгнуць на стуардэсу. Людзі ставяцца да гэтага па-рознаму. Нядаўні выпадак, калі дзяўчынка нарадзілася ў самалёце, які пралятаў на Харкавам, засьведчыў, што бараны-пасажыры ніяк ня могуць звыкнуцца з такімі родамі. «Нармальныя людзі ў самалётах не нараджаюць! Я б наагул цяжарных у самалёты не пускаў!» — пішуць абураныя камэнтатары. Якіх, відаць, нарадзілі на роварнай раме. Вось яны цяпер і зайздросьцяць...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG