Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры прафэсары Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту апынуліся пад сьледзтвам па справе, у якой фігуруюць 200 мільёнаў рублёў, нібыта скрадзеных зь бюджэту.

У Сьледчым камітэце расьсьледуюць справу трох прафэсараў з мэханіка-тэхналягічнага факультэту БНТУ. Вядома, што ўзрост аднаго з падазроных — 72 гады, двум другім фігурантам — 68 і 55 гадоў. Іх імёны можна знайсьці ў інтэрнэце. У чым падазраюць навукоўцаў? Паводле інтэрнэт-тыднёвіка «Ежедневник», які спасылаецца на матэрыялы справы, прафэсары скралі 200 мільёнаў рублёў бюджэтных грошай цягам выкананьня навуковага заданьня ў межах дзяржаўнай праграмы «Мэталюргія». Працаваць над заданьнем вучоныя пачалі ў 2008 годзе, скончылі сваю працу ў 2010-м. За гэты час штомесяц атрымлівалі каля мільёна рублёў грашовай узнагароды кожны. Адмысловая навуковая камісія прыняла канчатковую працу, але праз год іншая камісія вырашыла, што праца навукоўцаў проста паўтарае іхнія былыя распрацоўкі, якія былі ўжо аплочаныя раней. Спачатку праверкай займаўся Дзяржкантроль, потым сьледчыя зь міліцыі, цяпер Сьледчы камітэт.

«Доўга гэтым ужо займаюцца», — пацьвердзіў працу правяраючых дэкан мэханіка-тэхналягічнага факультэту БНТУ Мікалай Іваніцкі. Спадар Іваніцкі ня стаў камэнтаваць справу да яе завяршэньня. Пра калегаў з катэдры «Машыны і тэхналёгія ліцейнай вытворчасьці», якія апынуліся пад падазрэньнем, дэкан паведаміў, што яны не затрыманыя.

«Канечне, яны працуюць. У нас ідзе міжнародная канфэрэнцыя „Ліцейная вытворчасьць“, прыехалі прадстаўнікі 15 краінаў. Усе ўдзельнічаюць. Мяркую, што справядлівасьць павінна перамагчы».

Ці магчыма, што навукоўцы скарысталі свае былыя распрацоўкі, каб выканаць чарговае заданьне ды атрымаць за гэта грошы?

«Паколькі тут замешаны загадчык катэдры, верагодна, што сьледчыя маюць рацыю. Выкарыстаць свае былыя распрацоўкі ці нават чужыя, выдаўшы іх за свае, — гэта ў нас стала ледзь ня нормай», — сказаў адзін з выкладчыкаў сталічнай ВНУ, які пажадаў не называць свайго прозьвішча.

Аляксандар Казулін

Аляксандар Казулін

Былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін згадвае, як некалькі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад Дзяржкантролю «разабрацца» з навукоўцамі, якія атрымліваюць за свае распрацоўкі немалыя грошы, а выдаюць «халтуру». Аляксандар Казулін не выключае, што сьледчыя, якія вядуць «справу трох прафэсараў», выконваюць якраз гэтую ўстаноўку:

«Тое, што ў нас навукі насамрэч амаль няма, гэта ня дзіва, бо грошы, якія на яе выдзяляюць, проста мізэрныя. Навукоўцы толькі-толькі выжываюць. Таму калі і шукаць дзе карупцыю, то не сярод простых прафэсараў. А калі ёсьць сумненьні, то ўчыніце незалежную экспэртызу. Я не на баку прафэсараў ці на баку сьледчых, а за тое, каб было ўсё аб’ектыўна. Паклічце незалежных экспэртаў. Як у справе Баўмгертнэра. Падайце пазоў у эканамічны суд СНД, і ўсё будзе зразумела».

Аляксандар Казулін ня памятае, каб у ягоную бытнасьць рэктарам БДУ ўзьнікалі падобныя справы, пры тым, што навукоўцы БДУ выконвалі шмат працаў паводле дзяржаўных праграмаў.

Паводле сьледчых, грошы, атрыманыя за выкананую працу, падазраваныя прафэсары вярнулі ў бюджэт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG