Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прыедзе ў Менск, але Баўмгертнэра не пабачыць


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падчас двухбаковай сустрэчы «на палях» менскага саміту Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады могуць абмеркаваць сытуацыю вакол ААТ «Уралкалій» і арышту гендырэктара кампаніі Ўладзіслава Баўмгертнэра.

Пра гэта паведаміў на брыфінгу памочнік прэзыдэнта Расеі Юры Ўшакоў.

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў амбасадзе Расеі ў Менску, Пуцін ня будзе сустракацца з Баўмгертнэрам.

Дарадца амбасады Расеі ў Менску Ўладзімер Марчукоў патлумачыў гэта так:

«Прэзыдэнт сустракаецца з прэзыдэнтамі. А пры чым тут, няхай і высокапастаўлены, мэнэджэр нейкай прыватнай кампаніі? Чаму ён павінен зь ім сустракацца?»

Спадар Марчукоў кажа, што, паводле ягонай інфармацыі, Баўмгертнэр знаходзіцца ў Менску.

«Я думаю, што ў Менску. Мяркуючы па апошніх выказваньнях прэзыдэнта Беларусі, Баўмгертнэр павінен быць тут. Я думаю, што ён дзе быў, там і знаходзіцца. Аляксандар Рыгоравіч выразна даў зразумець, што пытаньне пра экстрадыцыю можа стаць на парадку дня толькі тады, калі будзе пакрыта шкода. А таго, што гэтая шкода пакрыта, пакуль не чуваць і не відаць».

Баўмгертнэра затрымалі ў канцы жніўня ў Менску. Сьледчы камітэт Беларусі прад’явіў яму абвінавачаньне ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. 25 верасьня Баўмгертнэра перавялі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт у найманай кватэры ў Менску.

Раней Масква патрабавала ад Беларусі неадкладна вызваліць гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG