Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бердымухамедаў і Атамбаеў могуць праігнараваць менскі саміт


Паседжаньні рады кіраўнікоў краін СНД і Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады пройдуць у Менску 24–25 кастрычніка.

Аднак пакуль няма пэўнасьці, ці будуць удзельнічаць у саміце лідэры ўсіх дзяржаў Садружнасьці. У кулюарах выканкаму СНД кажуць, што ў Менск не прыляціць прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедаў. Пад пытаньнем застаецца і ўдзел прэзыдэнта Кіргізстану Алмазбека Атамбаева.

Лідэры СНД і Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады зьбяруцца ў новым палацы ў раёне вуліцы Арлоўскай. Аляксандар Лукашэнка называе яго Палацам незалежнасьці. Аднак на фасадзе будынка ёсьць і другі надпіс — «Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Тут да апошняга дня працягваліся завяршальныя працы. Аднак наблізіцца да будынка, каб на ўласныя вочы паглядзець, што там адбываецца, сёньня ўжо немагчыма. Супрацоўнікі прэзыдэнцкай службы бясьпекі спыняюць кожнага, хто спрабуе падысьці да будынка без спэцыяльнага пропуску.
Байцы службы бясьпекі на даху Палацу незалежнасьці

Байцы службы бясьпекі на даху Палацу незалежнасьці


Аўральныя працы вядуцца ня толькі каля новага палаца, але і ў некаторых іншых месцах Менску. Тэрмінова латаецца дарога з аэрапорту ў цэнтар гораду. Уздоўж праспэкту Незалежнасьці выкладаюць пано з жывых кветак, вывешваюць расьцяжкі, выстаўляюць банэры.

«Гэта ўсё падпадае пад словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што менскі саміт — ключавы момант беларускага старшынства ў Садружнасьці», — адзначае палітоляг Андрэй Фёдараў:

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Зашмат увагі аддаецца гэтай падзеі. А яна насамрэч несур’ёзная. Што можа сёньня СНД? Прымаць адзіны знак да 70-годзьдзя Перамогі. (Маецца на ўвазе — зацьвердзіць адзіную юбілейную ўзнагароду ў гонар 70-годзьдзя Перамогі ў 2015 годзе.) Вось і ўсе іх магчымасьці, наколькі я разумею».

Невялікія магчымасьці СНД учора ўскосна прызнаў і Аляксандар Лукашэнка. Сустракаючыся з выканаўчым сакратаром Садружнасьці Сяргеем Лебедзевым, кіраўнік Беларусі сказаў: «Мы маглі б паставіць і больш сур’ёзныя пытаньні. Але мы не гарантуем, што знойдзем кансэнсус».

Супярэчнасьці паміж рознымі краінамі СНД ня толькі не зьмяншаюцца, а нават узрастаюць. І гэта яскрава бачна на прыкладзе дачыненьняў Беларусі і Казахстану, — адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«Супярэчнасьці былі заўжды ў працоўным парадку. Але вось прарвалася і публічна. На паседжаньні свайго ўраду Нурсултан Назарбаеў фактычна абвінаваціў беларускі бок у непрыстойных паводзінах. Я маю на ўвазе старых некандыцыйных кароваў з Беларусі, якіх адвезьлі ў Казахстан.

Але гэта толькі адзін прыклад. І ня самы галоўны. А галоўнае, што Беларусь дагэтуль не дачакалася інвэстыцыяў з Казахстану. Найперш у нафтаперапрацоўку. А пра гэта нібыта дамовіліся яшчэ падчас візыту ў Менск казахскага прэм’ера. Аднак дагэтуль грошай з Астаны няма. І, на мой погляд, таму, што казахі разумеюць — у Беларусі пануе расейскі капітал, Сечын ды іншыя. І Астану гэта таксама ня можа задавальняць».

Калі адсутнасьць на самітах СНД прэзыдэнта Туркмэністану стала амаль звычайнай справай, то магчымы непрыезд у Менск кіраўніка Кіргізстану наўпрост зьвязаны са знаходжаньнем у Беларусі былога прэзыдэнта Бакіева.
Вітальная расьцяжка на праспэкце Пераможцаў

Вітальная расьцяжка на праспэкце Пераможцаў


Аляксандар Лукашэнка 21 кастрычніка прапанаваў Кіргізстану, як ён сказаў, новы этап двухбаковых дачыненьняў. Беларускі лідэр нагадаў, што пры Бакіеву супрацоўніцтва было больш інтэнсіўным:

«Цяпер вы рубам паставілі пытаньне пра Бакіева. Я спрабую патлумачыць: мужыкі, перастаньце гаварыць пра Бакіева. Зараз ужо, дзякуй Богу, супакоіліся».

«Я думаю, што гэта ня так», — сказаў беларускай Свабодзе кіраўнік экспэртнага клюбу «Давіл (Вынік) +» Марс Сарыеў праз тэлефон зь Бішкеку:

«З майго пункту гледжаньня, прэзыдэнт Беларусі, мякка кажучы, хітруе. Таму што ў нашых падзеях на плошчы загінулі 90 маладых кіргізаў. І кіраўніцтва Кіргізстану, прынамсі прэзыдэнт Атамбаеў, ня можа ігнараваць грамадзкую думку. Я думаю, што гэта разумее і Аляксандар Лукашэнка. Таму ён і кажа: давайце пачнём з нуля. Але такі варыянт ня можа прайсьці да таго часу. пакуль Бакіева не аддадуць правасудзьдзю. Наша кіраўніцтва пасьля таго кровапраліцьця ня можа пайсьці супраць большай часткі свайго народа».
Парадкуюць тэрыторыю ля Палацу незалежнасьці

Парадкуюць тэрыторыю ля Палацу незалежнасьці

XS
SM
MD
LG