Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заклікі ў Расеі байкатаваць канцэрты адкрытага гея, брытанскага легендарнага сьпевака Элтана Джона ў поўнай ступені адпавядаюць падтрыманай дзяржавай гамафобіі ў Расеі, а таксама жорсткім разгонам актывістаў ЛГБТ. Але яны таксама цалкам супярэчыць іміджу расейскіх поп-зорак. Дык у чым жа розьніца? Высьвятляла карэспандэнт Радыё Свабода Дэйзі Сіндэлар.

У чым розьніца паміж брытанскім сьпеваком Элтанам Джонам і расейскім сьпеваком Барысам Маісеевым? Абодва выступаюць у яркіх касьцюмах і абодва адкрытыя геі. І абодва не супадаюць з палітыкай Крамля, які забараняе «гей-прапаганду» і ўціскае правы ЛГБТ-супольнасьці.

Барыс Маісееў, 59-гадовы былы танцор зь нязначнымі навыкамі сьпевака і выглядам П’еро — гэта мэйнстрым расейскай вульгарнай папсы.

З другога боку 66-гадовы Элтан Джон, адзін з самых вядомых музыкаў у сьвеце, які часта выступаў у Расеі з 1979 года, сутыкаецца з заклікамі да байкоту з боку рэлігійных лідэраў і грамадзкіх групаў супраць яго канцэртаў у Маскве і Казані ў сьнежні.

Не — Элтану Джону, так — Барысу Маісееву, а таксама Філіпу Кіркораву, Сяргею Зьвераву, а таксама мноству іншых выканаўцаў-мужчынаў, якія, калі не адкрытыя геі, дык прынамсі могуць быць памылкова прынятая за іх гледачамі.

Гэтая сытуацыя зьдзіўляе назіральнікаў, такіх як музычны крытык Арцёмі Троіцкі, які кажа, што спробы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна выпіхнуць геяў ідуць у разрэз з гей-эстэтыкай, якая, здаецца, стала квітнее ў масавай культуры краіны:

«Такія выканаўцы, як Мікалай Баскаў, Філіп Кіркораў, Сяргей Зьвераў — як яны выглядаюць, як яны сьпяваюць, іх манэры — ўсё гэта вельмі ў гей-стылі. Разам з тым, вядома, можна гаварыць пра падтрыманую дзяржавай гамафобію ў Расеі. Посьпех усіх гэтых сьпевакоў, праўдападобна, сьведчыць пра тое, што расейскае грамадзтва не такое гамафобнае, як лічыць Пуцін. Уся сытуацыя сур’ёзна перакручаная».

У такой краіне, як Расея, дзе посьпех папулярных артыстаў залежыць ад спансараваных дзяржавай тэлебачаньня і канцэртных пляцовак, сьвет папсы (пашырэньне савецкай музычнай традыцыі эстрады) можа здацца адасобленым, нават замкнёным.

Невялікая тусоўка расейскіх зорак эстрады дамінуе ў эфіры на працягу многіх гадоў, многія зь іх увасабляюць тое, што можна было б назваць кічам Эўрабачаньня, нягледзячы на актыўнае асьвятленьне ў прэсе іх шлюбаў, справаў, немаўлятаў, паслугаў сурагатных маці.

Гэта і Кіркораў з вачыма лані, які паказваецца на апошнім відэа з бразыльскім мужчынам-мадэльлю, і Максім Галкін, пераапрануты комік.

Існуе Звьераў, цырульнік-сьпявак з касмэтыкай і ботэксам. Ёсьць сьпявак і аўтар песень Вітас, чый высокі фальцэт прынёс яму мянушку «чалавек-амфібія».

Ня ўсе ў гэтай групе выключна мужчыны. Многія сьпевакі эры эстрады працягваюць дамінаваць на поп-сцэне, у тым ліку 64-гадовая Ала Пугачова, адказ Расеі на Лайзу Мінэлі і прымадона любоўных балядаў. Яна таксама зьяўляецца былой жонкай 46-гадовага Кіркорава, і цяперашняй жонкай 37-гадовага Галкіна, а таксама кліенткай цырульніка Зьверава.

Пугачова і яе «жаноцкая» тусоўка можа ўразіць многіх заходніх назіральнікаў дэманстрацыяй пэўнай гей-культуры. Але маскоўская журналістка Ганна Малпас кажа, што ў выпадку з расейцамі гэта ня так, бо іх тэатральная традыцыя, ад музыкі да балету, заўсёды падкрэсьлівала высокія эмоцыі і драмы:

«Ала Пугачова вучылася на такога кшталту сьпявачку. Мы думаем пра іх як пра поп-зорак, але на самой справе яны ня думаюць пра сябе як пра поп-зорак. Яна б сказала, што яна была актрысай. Гэта амаль як іншы жанр, які на Захадзе не зусім разумеюць. Я ведаю, што людзі глядзяць на тое, што робяць расейскія зоркі, і думаюць, што гэта гей-тусоўка. Але я ня ўпэўненая, што людзі ў Расеі бачаць іх ў такім сьвятле.»

Але адрозна ад погляду на сваіх зорак, іхні погляд, напрыклад, на Элтана Джона зусім іншы.

«Уральскі бацькоўскі камітэт » і імам у Казані зьвярнуліся зь лістом да прэзыдэнта Пуціна, у якім запатрабавалі адмяніць выступ Джона, паколькі сьпявак мае намер выступіць у падтрымку «мясцовых садамітаў» і парушыць расейскі закон аб забароне гей-прапаганды. Гэта таксама перагукаецца з заявай Саюзу праваслаўных брацтваў, які назваў будучы канцэрт «амаральным шабашам».

Аднак заклікі імама, здаецца, не пераканалі многіх мэляманаў у Казані, дзе квіткі на канцэрт былі прададзеныя вельмі хутка.

А ў Маскве Элтан Джон зьявіцца на сцэне разам з Марыяй Булавінай, золатавалосай сьпявачкай, якая цалкам укладваецца ў традыцыю санкцыянаванай дзяржавай культуры. Адзін з папсовых выканаўцаў у гей-стылістыцы ў Расеі Сяргей Пенкін нават выканаў адзін з гітоў Элтана Джона.

«Я ў курсе сытуацыі, і я буду дыпляматычным, — сказаў Элтан Джон у нядаўнім інтэрвію Грамадзкаму радыё ЗША. — Я не зьбіраюся выпраўляцца ў Расею і казаць Пуціну адправіцца ў пекла, і таму падобнае... Спадзяюся, што будзе дыялёг і што сытуацыя можа стаць лепшай».

Гэта, кажа Троіцкі, у выніку выклікае пярэчаньні ў расейцаў, якія могуць шчасьліва цешыцца Мікалаем Баскавым або Валерыем Лявонцьевым, і нават абараняць такіх расейскіх геяў, як Чайкоўскі і Рудольф Нурыеў, але пры гэтым наракаць на Элтана Джона.

«Тое, што адбываецца цяпер у Расеі, гэта ня толькі хваля гамафобіі, але і велізарная хваля ксэнафобіі. Элтан Джон — замежнік, плюс ён адкрыты гей. Так што такія геі, як Баскаў, якія спрабуюць замаскіраваць сябе як мачо, яны не займаюцца прапагандай гомасэксуалізму. Прымаючы пад увагу, што Элтан Джон зьяўляецца адкрытым геем, ён натуральна можа спрыяць гэтаму», кажа Арцёмі Троіцкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG