Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новае хуліганства скульптара Чэрнага ў Празе


Скульптура ў выглядзе фрагмэнта рукі фіялетавага колеру з выцягнутым угору 10-мэтровым сярэднім пальцам зьявілася напярэдадні парлямэнцкіх выбараў на пантоне на рацэ Влтава — акурат насупраць Пражскага Граду.

Такім незвычайным спосабам скульптар Давід Чэрны, верагодна, выказаў свой пратэст супраць палітыкі цяперашняга прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана.

Скульптар Чэрны актыўна ўдзельнічаў у нядаўняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі кандыдата ад правай партыі ТОР 09 Карла Шварцэнбэрга. У другім туры прэзыдэнцкіх выбараў Мілаш Зэман перамог Шварцэнберга.

Творчасьць Чэрнага рэгулярна выклікае вялікі рэзананс. Адна з апошніх яго працаў, якая высьмейвала стэрэатыпы пра краіны Эўразьвязу, выклікала міжнародны скандал. У ёй скульптар паказаў Балгарыю ў выглядзе калекцыі унітазаў, Румынію — у выглядзе замка Дракулы, Галяндыя ў яго цалкам схаваная пад вадой, зь якой тырчаць толькі мінарэты мусульманскіх мячэцяў.

У пачатку 1990- х гадоў Чэрны быў арыштаваны за хуліганства пасьля таго, як размаляваў у ружовы колер савецкі танк, усталяваны на адной з вуліц Прагі ў памяць аб вызваленьні гораду ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сярод іншых вядомых скульптураў Давіда Чэрнага — перакулены Сьвяты Вацлаў на кані ў пасажы Люцэрна; немяўляты, якія паўзуць па тэлевежы; падвешаны Зыгмунд Фройд на вуліцы Гусавай.
XS
SM
MD
LG