Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК распачаў «справу прафэсараў»


Вучэбны корпус БНТУ

Вучэбны корпус БНТУ

Сьледчы камітэт расьследуе справу пра крадзёж бюджэтных сродкаў, па якой праходзяць тры прафэсары БНТУ.

Паводле дадзеных СК, тры навукоўцы катэдры «Машыны і тэхналёгія ліцейнай вытворчасьці» мэханіка- тэхналягічнага факультэту БНТУ са студзеня 2008-га па сьнежань 2010-га скралі 200 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў, выконваючы заданьні дзяржаўнай праграмы прыкладных навуковых дасьледаваньняў «Мэталюрг».

Сьледчы камітэт лічыць, што такія дзеяньні падпадаюць пад крымінальны артыкул «крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьнены арганізаванай групай альбо ў адмыслова буйным памеры», піша Ежедневник.

Па справе праходзяць:

  • загадчык катэдры 67-гадовы прафэсар Давыд Кукуй
  • 72- гадовы прафэсар Уладзімер Сабалёў
  • 55- гадовы прафэсар Аляксандар Чычко

Усім тром пагражае пакараньне да 12 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

У прафэсараў ўжо былі ператрусы, іх маёмасьць апісана.

Самі навукоўцы пакуль адмаўляюцца ад камэнтароў. Яны напісалі лісты ў Адміністрацыю прэзыдэнта ды іншыя дзяржаўныя ворганы. Яны спадзяюцца, што іх абароняць. У сваіх зваротах прафэсары называюць сытуацыю, якая склалася, перасьледам старых навуковых кадраў Беларусі.

Адмысловая камісіія прызнала, што вынікі працы ў межах дзяржаўнай праграмы «Мэталюрг» не ўяўляюць ніякай каштоўнасьці. Навукоўцы гэта адмаўлялі і адстойвалі сваю пазыцыю. Аднак на на загад рэктара БНТУ усё ж пагадзіліся пакрыць страты.

«Рэктар патрабуе гэтыя грошы з прафэсараў. Ведаючы, што ўказаньне рэктара трэба выконваць, прафэсары практычна цалкам кампэнсуюць гэтак званы шкоду і трапляюць у юрыдычную пастку: калі пакрылі, значыць, прызналі факт. У дачыненьні да іх тут жа ўзбуджаецца крымінальная справа па ч.4 арт.210 Крымінальнага кодэкса Беларусі (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі , зьдзейсьненае арганізаванай злачыннай групай)», піша «Ежедневник».

«Цяпер ужо спрэчнымі працамі прафэсараў зацікавіўся шэраг замежных дзяржаў. Ужо заключаная дамова з Казахстанам на 75 тысяч даляраў (больш за 680 мільёнаў рублёў) , што ў тры разы больш, чым тое, што нібыта скралі прафесары», адзначае «Ежедневник».
XS
SM
MD
LG