Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэры пра падвышэньне пэнсіяў: «Гэта ж курам на сьмех!»


Пэнсіянэр гандлюе зь зямлі ля Камароўскага рынку

Пэнсіянэр гандлюе зь зямлі ля Камароўскага рынку

У Беларусі з 1 лістапада падвышаюцца пэнсіі. Адпаведны ўказ Аляксандар Лукашэнка падпісаў 21 кастрычніка. У выніку працоўныя пэнсіі грамадзян павялічацца ў сярэднім на 5,1%. Як да такога падвышэньня ставяцца самі пэнсіянэры і як яго ацэньваюць эканамісты?

Апошні раз пэнсіі павышаліся ў верасьні — на 11%. Сярэдні памер пэнсіі цяпер складае 2 мільёны 200 тысяч рублёў, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. На думку эканаміста, прафэсара Барыса Жалібы, у цэлым пэнсійны ўзровень у Беларусі вельмі нізкі:

«Мы саступаем усім суседзям: Расеі, краінам Балтыі, ня кажучы ўжо пра заходнія краіны. Выключэньне — толькі Ўкраіна, але там значна ніжэйшыя цэны. Я лічу, што гэтае чарговае падвышэньне — мізэрнае, кропля ў моры. 5% — гэта амаль што нічога. Тым больш, што ўвосень павысіліся тарыфы і на электрычнасьць, на камунальныя паслугі, на шэраг тавараў. У нас інфляцыя, калі цэны верасьня 2013 году параўнаць зь верасьнёўскімі цэнамі летась — 15% у гадавым вылічэньні. Так што такое падвышэньне не кампэнсуе інфляцыі».

Пэнсіянэрка Валянціна Сямёнаўна ўзгадала, што з кастрычніка мінулага году да верасьня 2013 году цэлы год падвышэньня пэнсіяў не было. Што да абяцанага падвышэньня ў лістападзе, жанчына кажа:

«Гэта ж курам на сьмех! Са студзеня да верасьня не падымаў, а тут ажно на 5%. Лепей ужо б ня ганьбіўся наш Аляксандар Рыгоравіч! Цэны ўвесь час падвышаюцца. Колькі дададуць? 100 тысяч? Ну што на іх можна купіць? Правільна, ён зэканоміў на нас, бо грошай у яго няма, бо ён усё будуе, будуе. Навошта гэты Палац незалежнасьці на Арлоўскай, Лядовы палац у Чыжоўцы? Гэта ж усё затраты на бюджэт кладуцца. Не, мы незадаволеныя, шчыра вам кажу».

Пэнсіянэрка Галіна Мікалаеўна таксама абураецца:
Нават з улікам гэтых 5% мы ўсё адно будзем у мінусе, яшчэ ў якім мінусе!

«Ох ты Божа ж мой, падвысілі, называецца! Яны б узгадалі, як месяц назад задняй датай павысілі цэны на газ, на ацяпленьне, на гарачую ваду, на электрычнасьць. Хлеб літаральна кожны тыдзень даражэе. Вось так павольненька цэны паўзуць уверх. Так што гэтыя 5% — яны што ёсьць, што няма — мы і не заўважым. Нават з улікам гэтых 5% мы ўсё адно будзем у мінусе, яшчэ ў якім мінусе!»

Паводле інфармацыі Белстату, за студзень — жнівень 2013 году да адпаведнага пэрыяду 2012 году сярэдні памер пэнсіі паводле ўзросту павялічыўся на 48,5%, а ў рэальным выражэньні — на 24%. А суадносіны гэтай пэнсіі зь сярэднім заробкам падтрымліваюцца на ўзроўні 40%.

Прафэсар, эканаміст Барыс Жаліба статыстыцы Белстату не давярае:

«Гэтыя падлікі, што пэнсія вырасла на больш чым 40% — я ня веру Белстату. Я сам пэнсіянэр і ведаю, што на пэнсію пражыць немагчыма. Як гэта было, так гэта і застаецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG