Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанцы ў Расею — па прадукты, расейцы ў Воршу — па кватэры


Рынак у Смаленску
Рынак у Смаленску

Калі беларусы па-ранейшаму едуць у Расею, каб набыць харчы або бытавую тэхніку, то грамадзяне Расеі ўсё часьцей укладаюць грошы ў беларускую нерухомасьць

Жыхары памежных рэгіёнаў Віцебшчыны і Смаленшчыны традыцыйна езьдзяць за бліжэйшую мяжу ў пошуку танных тавараў ці прадуктаў. Але апошнім часам стала відавочным выразнае адрозьненьне: калі беларусы па-ранейшаму едуць у Расею, каб набыць харчы або бытавую тэхніку, то грамадзяне Расеі ўсё часьцей укладаюць грошы ў беларускую нерухомасьць.

Харчовы кірмаш у Смаленску — зусім недалёка ад чыгуначнага і аўтавакзалу. Але беларусы прыяжджаюць сюды ня толькі грамадзкім транспартам: каля кірмашу штодня можна заўважыць 5–6 мікрааўтобусаў з шыльдачкай «Ворша» за лабавым шклом. Беларусы прыяжджаюць у Смаленск у асноўным па прадукты. Хто для сябе, а хто — на продаж, ужо на беларускім кірмашы, апавядае аршанец спадар Ягор:

«У нас хто езьдзіць — селядцы прывозіць, кансэрвы рыбныя. Мой швагер цукеркамі гандлюе — дык у Смаленску іх замаўляе раз на месяц. Нехта нешта для бізнэсу купляе, гуртам. Шмат знаёмых езьдзяць на мікрааўтобусах, менавіта гуртам нешта купляюць».

Нехта спрабуе ў Смаленску гандляваць беларускімі прадуктамі — як кажуць, «зь зямлі», без дазволу. Гэткім чынам гандлююць малочнымі і мяснымі вырабамі ў радах уздоўж Жалябаўскага кірмашу. Але гэты бізнэс ужо малапрыбытковы, бо кошты на харчы адрозьніваюцца ня надта істотна, працягвае спадар Ягор:

«Калі ты за гуртовую цану нешта купіш, неяк зможаш дамовіцца, то ты гэта прадасі. А калі так проста ў краме купіш, з усялякімі накруткамі, то нічога й ня выйграеш!»

У Смаленску жыхары Віцебшчыны купляюць яшчэ й бытавую тэхніку — прыкладам, тэлевізары. Па коштах выходзіць таньней, але ў выпадку нейкіх праблемаў давядзецца, каб аддаць у рамонт, везьці тэлевізар у смаленскую краму. А гэта значыць — яшчэ ня раз траціць грошы на дарогу.

Са Смаленшчыны ў памежныя беларускія рэгіёны таксама ўжо ня езьдзяць нешта набываць так масава, як раней. Хіба што ўлетку спадар Ягор заўважаў на аршанскім кірмашы дзьве-тры машыны з расейскімі нумарамі:
Мой сябар у вёсцы жыве, дык кажа, што мясцовых засталося — тры чалавекі, астатнія — з Расеі

«Улетку прыяжджаюць на кірмашы крутнуцца, скупляюць усё. Але мала машын з расейскімі нумарамі. Рэдка сустрэнеш. Затое ўсе дачнікі — расейцы! Мой сябар у вёсцы жыве, дык кажа, што мясцовых засталося — тры чалавекі, астатнія — з Расеі. Пайшлі вось па вёсках, скупляюць хаткі. Адзін з Масквы набыў лецішча ў Коханаве. А што? У яго джып, 6–7 гадзін — і ён у Коханаве. А тут ціха, спакойна, кошты мізэрныя... Для іх ужо выгадна мець лецішча за тысячу кілямэтраў!»

Расейскія грамадзяне скупляюць беларускую нерухомасьць, бо для іх гэта танна. Прыкладам, у вёсцы Хорабрава пад Воршай суседка купіла ўчастак за 500 даляраў, а расейскія «дачнікі» прапанавалі ёй за яго ў 10 разоў болей, апавядае жыхар Барані спадар Віктар:

«Яна набыла за 500 даляраў, а ёй расейцы давалі 5 тысяч даляраў! Яны ўжо кошты так паднялі, цяпер усе чакаюць расейцаў, што тыя багатыя і ўсё купяць! Ну што ж, калі ў іх заробкі па 50–60 іхных тысяч... А мы будзем перасяляцца ў куратнікі».

Кошты на нерухомасьць, якая і раней была дарагая для беларусаў, у памежных рэгіёнах растуць яшчэ вышэй. Расейскія грамадзяне, у залежнасьці ад узроўню дабрабыту, скупляюць хаткі ці кватэры, у вёсцы пад Воршай ці ў Менску. А для беларусаў нічога не мяняецца: яны па-ранейшаму едуць у Смаленск, каб хоць крыху таньней купіць селядца ці цукерак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG