Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея супраць беларускіх гандляроў аўтамабілямі


Некаторыя беларускія аўтааматары сутыкнуліся з праблемамі пры продажу і рэгістрацыі аўтамабіляў на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.

Фэдэральная мытная служба адмаўляецца прапускаць, а дзяржаўная аўтаінспэкцыя Расеі — ставіць на ўлік машыны зь беларускай рэгістрацыяй. Што насамрэч перашкаджае легалізацыі?

Беларускія гандляры, якія знайшлі пакупнікоў у Расеі, наракаюць на перадузятае стаўленьне тамтэйшых службаў рэгістрацыі транспарту. Расказваюць, што пад маркай праверкі «гісторыі паходжаньня аўтамабіля» працэдура расьцягваецца на месяцы і ў шэрагу выпадкаў заяўнікі атрымліваюць адмову. Як вынік — зьдзелка анулюецца. Пры гэтым «экспартэры» згадваюць пра абяцаньні вышэйшых кіраўнікоў Расеі і Беларусі ўніфікаваць заканадаўствы ў пунктах, якія тычацца роўных правоў у справе куплі-продажу аўтатранспарту на тэрыторыі дзьвюх краінаў. Аднак выглядае, што ад працэдуры ўніфікацыі беларусы атрымалі толькі шматразовы рост мыта.

Маскоўскі аўтамабільны аглядальнік Дзяніс Шаравар тлумачыць, што асноўная прычына, якая не дае беларусам разгарнуцца на расейскім рынку, — неадпаведнасьць транспартных сродкаў экалягічным нормам:

Дзяніс Шаравар

Дзяніс Шаравар

«Паколькі зь Беларусі ў Расею ідуць у асноўным аўтамабілі, скажам так, немаладыя, то асноўная прычына, чаму іх не прапускаюць, не даюць расейскі ПТС (пашпарт транспартнага сродку) — гэта неадпаведнасьць нормам Эўра-4. То бок небясьпечна высокае ўтрыманьне шкодных рэчываў у выхлапных газах. Раней быў пралаз, які даваў магчымасьць набыць падроблены сэртыфікат Эўра-4 і паставіць аўтамабіль на ўлік. Цяпер лавачку прыкрылі, бо кожны сэртыфікат Эўра-4 на машыну, старэйшую за 2005 год, правяраецца. Не, маса фірмаў дагэтуль прапаноўваюць паслугі ў справе праходжаньня экалягічных нормаў, заяўляюць, што дапамогуць атрымаць ПТС, але на практыцы ўсё зводзіцца да аднаго: бяруць грошы і зьнікаюць у невядомым напрамку. А чалавек, які прадае машыну, так і застаецца зь ёй фактычна на мяжы. Бо калі аўтамабіль насамрэч не пераабсталяваны, ён на ўлік ня стане».

Сяброўства Беларусі ў Мытным саюзе вымагала ахвяраваць цэлым шэрагам ранейшых выгодаў. Адным з самых балючых стала рашэньне падвысіць аўтамабільнае мыта да ўзроўню Расеі, якая высокімі пошлінамі абараняе свой аўтапрам. На практыцы выявілася, што размытненьне стала сувымерным з коштам ужыванага аўто. Цягам паўгода — да 1 ліпеня 2011-га, пакуль дзейнічалі старыя тарыфы — беларусы ўвезьлі больш за 200 тысяч іншамарак. Спадзяваньні, што іх удасца задорага прадаць у Расеі, так і ня спраўдзіліся. Спачатку Масква наклала часовую забарону на беларускі аўтаэкспарт, а цяпер адгарадзілася экалягічнымі бар’ерамі. Пры тым, што аўто на расейскіх нумарах рэгіструюцца ў Беларусі без усялякіх абмежаваньняў па экалёгіі.

На наш запыт у Фэдэральнай мытнай службе Расеі патлумачылі: дамова аб мытным кодэксе Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану фактычна легалізавала бязмытны ўвоз аўтамабіляў з краін-удзельніц. Асноўныя патрабаваньні пры гэтым — сплата мыта на тэрыторыі сваіх краінаў і адпаведнасьць аўто экалягічнаму клясу Эўра-4. Згодна з правіламі, гэта могуць быць аўтамабілі або выпушчаныя пад гэты стандарт на заводзе, або пад яго рэальна пераабсталяваныя.

Аднак, як падкрэсьліваюць у ведамстве, блізу 70% аўтамабіляў, якія ўвозяцца зь Беларусі, вырабленыя з 1996 па 2002 гады. Пры тым, што ўжываньне Эўра-4 у краінах Эўразьвязу пачалося толькі з 2005 году, выглядае, што многія беларускія ўладальнікі набылі сэртыфікаты адпаведнасьці без аніякага пераабсталяваньня. Менавіта гэтая акалічнасьць — асноўная прычына, чаму ў Расеі адмаўляюцца выдаваць пашпарт транспартнага сродку. Тым ня меней, як кажа аўтамабільны экспэрт Дзяніс Шаравар, у перашкодах для беларусаў відаць ня толькі клопат пра экалёгію, але і палітычны падтэкст:

«Цалкам зразумела, што экалягічныя абмежаваньні на аўтамабілі, якія ўвозяцца зь Беларусі, — хутчэй палітычны крок, чым тое, што расейскі ўрад сапраўды клапоціцца пра экалёгію. Дастаткова паглядзець на машыны, якія вырабляюцца на расейскіх заводах — надзвычай маленькі працэнт адпавядае гэтым экалягічным нормам. Хіба новыя Лады „Каліны“, „Прыёры“, крыху „ВАЗ 4×4“. Дый тое тычыцца экзэмпляраў, якія ідуць на экспарт і абсталёўваюцца новымі 16-кляпаннымі рухавікамі. Але абсалютная бальшыня аўто, якія калясяць па расейскіх дарогах, не дацягваюць ня тое што да Эўра-4, але часьцяком і да Эўра-3. Вядома, у чымсьці такія абмежаваньні правільныя — некаторыя перакупшчыкі пачалі ўвозіць непрыхаваны хлам. Вось іх апэтыты варта ўтаймаваць. Але зразумела, што пад „зачыстку“ трапляюць і сумленныя беларусы, які хочуць прадаць свой верны „Пасат В3“, на якім яны возяць бульбу і які дакладна лепшы за „Ладу 112“ — нягледзячы на тое, што ён старэйшы за яе гадоў на сем. Але такія рэаліі».

Як удакладнілі ў Галоўнай інспэкцыі бясьпекі дарожнага руху па Маскве, нормам Эўра-4 адпавядае бальшыня амэрыканскіх аўтамабіляў пасьля 2004 году, эўрапейскіх пасьля 2005 году, карэйскіх пасьля 2006-га і японскіх пасьля 2010-га. Каб атрымаць ПТС на гэтыя аўто, дастаткова пацьвердзіць экалягічны кляс сэртыфікатам адпаведнасьці. У ведамстве запэўніваюць, што пры наяўнасьці сэртыфікату атрымаць пашпарт на аўто зь Беларусі не складзе ніякіх цяжкасьцяў. Аднак калі машына выпушчана да 2004 году і не адпавядае патрабаваньням экалягічнага стандарту, дакумэнты не выдаюцца нават пры наяўнасьці сэртыфікату Эўра-4. Мала таго, аўтаўладальнікі, якія спрабуюць праскочыць па падробленых сэртыфікатах, заносяцца ў адзіную базу дадзеных як «нядобранадзейныя».

У Фэдэральнай мытнай службе Расеі катэгарычныя: для ўсіх уладальнікаў аўтамабіляў зь Беларусі і Казахстану, старэйшых за 2004 год ці не адпаведных экалягічнаму клясу Эўра-4, ёсьць адзіны законны шлях атрыманьня ПТС — рэальнае пераабсталяваньне аўто пад экалягічны стандарт чацьвёртага пакаленьня ў акрэдытаваных сэрвісных цэнтрах. Пасьля гэтага мытныя органы выдаюць пашпарт на машыны любога году выпуску аўтаматычна — пры наяўнасьці адпаведнага акту і пасьля тэхнічных выпрабаваньняў. Праўда, як удакладняе расейскі аўтаэкспэрт Дзяніс Шаравар, гэта якраз той выпадак, калі аўчынка ня варта вычынкі. Па яго словах, выдаткі на такую пераробку будуць супастаўныя з коштам далёка ня новага аўтамабіля.
XS
SM
MD
LG