Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Расеі няма прэтэнзій да Керымава. Справу Баўмгертнэра хаваюць ад усіх


Сулейман Керымаў

Сулейман Керымаў

«Мы запрасілі інфармацыю і сочым, але на дадзены момант ніякай справы супраць Сулеймана Абусаідавіча расейскія праваахоўныя органы не ўзбуджалі і ніякіх прэтэнзій да яго ня маюць», — паведаміў Радыё «Свабода» расейскі адвакат Сулеймана Керымава Юлій Тай.

Справу гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнэра і абставіны ягонага хатняга арышту хаваюць ад усіх.

«Ніякіх камэнтароў,» — так рэагуюць на любыя пытаньні, датычныя да справы Баўмгертнэра ў Беларусі і ў Расеі.

Аляксандр Лукашэнка падчас учорашняй прэс-канферэнцыі заявіў, што Беларусь магла б задаволіцца матэрыяльнай кампэнсацыяй у справе «Ўралкалію». Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, узбуджанай супраць Уладзіслава Баўмгертнэра, ягоныя дзеяньні нанеслі шкоду ў 100 мільёнаў даляраў.

«Я не крыважэрны, я не да таго, што мы мусім іх пасадзіць і так далей. Пакуль мы не набралі больш стратаў, хай нам кампэнсуюць гэта».

Прэс-служба «Уралкалію» адмовілася камэнтаваць выказваньне беларускага прэзыдэнта. Гэтаксама й іншыя пытаньні.

«Нашая задача — дачакацца вызваленьня Ўладзіслава Артуравіча (Баўмгертнэра — рэд). Таму з камэнтарамі мы пачакаем», — кажуць у прэс-службе.

Прэс-служба нагадвае, што «Ўралкалій» адмаўляе ўсе прэтэнзіі беларускага боку.

Адвакат Дзьмітры Гарачка, які абаранаяе Ўладзіслава Баўмгертнэра ў Беларусі, адмаўляецца ад камэнтароў. Пра такую пазыцыю яго папрасіў нібыта сам Баўмгертрнэр.

Пытаньне пра кампэнсацыю 100 мільёнаў штрафу ўздымалася, яшчэ калі вялася размова пра зьмену меры стрыманьня гендырэктару «Уралкалія» падчас ягонага знаходжаньня ў СІЗА КДБ. Тады адвакат Дзьмітры Гарачка паведамляў, што пытаньне вызваленьня пад заклад нават не ўздымалася:

«Паводле беларускага заканадаўства, каб гэта абмяркоўваць, абвінавачаны мусіць спачатку кампэнсаваць шкоду. А пасьля ўжо прапаноўваць заклад».

«Гэта проста вымагальніцтва, — казаў расейскі адвакат Баўмгертнэра Аляксей Басістаў. — Мы нават не ўздымалі пытаньне закладу, калі даведаліся, што працэдура выглядае так. Мы адмаўляем усе абвінавачаньні. Нам незразумела, адкуль узялася гэтая лічба».

Сёньня расейскае выданьне «Коммерсант» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што Расея не гатовая кампэнсаваць страты. «Цяпер, магчыма, лёс Уладзіслава Баўмгертэнра, а яго завочна арыштавалі ў Расеі, вырашыцца пасьля зьмены ўласьніка «Уралкалію» — піша Коммерсант.

Гендырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертрнэр быў затрыманы ў менскім аэрапорце 26 жніўня. Сьледчы камітэт Беларусі вінаваціць яго у злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, а таксама наняесеньні шкоды ў памеры 100 млн даляраў. Цяпер Баўмгертнэр знаходзіцца пад хатнім арыштам. Месца ягонага пражываньня трымаецца ў таямніцы.
XS
SM
MD
LG