Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч удзячны тым, хто выйшаў на прабег у майках зь ягоным імем


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч праз жонку Марыну Адамовіч перадаў прывітаньне і словы ўдзячнасьці грамадзкім актывістам, якія спрабавалі ўзяць удзел у лёгкаатлетычным забегу па Менску ў майках, надпісы на якіх патрабавалі ягонага вызваленьня.

«Ён прачытаў пра гэта ў газэтах і просіць усім падзякаваць. Сказаў, што прозьвішчы ў газэце не былі ўказаныя і што гэта вельмі сьмелы і прыстойны ўчынак», — кажа Марына Адамовіч.

28 верасьня ў Менску падчас фэстывалю бегу «Кубак выкліку» былі затрыманыя Кірыл Жываловіч, Яўген Напорка, Максім Дубоўскі і Андрэй Вісловіч, у якіх на спартовых майках былі партрэты палітвязьня і надпіс «Серабранка — за спорт, Беларусь і Статкевіча». Усіх чатырох спартоўцаў пакаралі вялікімі грашовымі штрафамі.

З навінаў, пра якія даведалася Марына Адамовіч ад мужа праз тэлефон, таксама тое, што ў магілёўскай турме нарэшце ўключылі ацяпленьне:

«Парадавалася, што нарэшце ўключылі ацяпленьне і яму ў гэтым сэнсе лягчэй. Затое як не ішлі, гэтак і не ідуць лісты ад сваякоў. Зь верасьня нічога няма. У яго сытуацыя тая ж, пра якую пісаў Аўтуховіч».

Мікалай Статкевіч — адзіны з былых кандыдатаў на прэзыдэнта на выбарах 2010 году, хто дагэтуль застаецца за кратамі. Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня.
XS
SM
MD
LG