Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская апазыцыя супраць дапамогі Менску з Брусэлю


Брытанская апазыцыйная Партыя працы выказвае засьцярогі да фінансаваньня падрыхтоўкі беларускіх міліцыянтаў і памежнікаў ды закупу абсталяваньня для іх, якое адбываецца праз фонд EuropeAid у Брусэлі.

Донарам гэтага фонду зьяўляецца і Дэпартамэнт міжнароднай дапамогі брытанскага ўраду.

«Дапамогу трэба выкарыстоўваць галоўным чынам для барацьбы з беднасьцю і для падтрымкі нацыянальнай бясьпекі і эканамічных інтарэсаў Вялікабрытаніі. Яна не павінна падтрымліваць рэжымы ў краінах, якія выклікаюць сур’ёзную заклапочанасьць сваёй непавагай для правоў чалавека,» — брытанскае онлайнавае выданьне The Telegraph цытуе Джыма Мэрфі, міністра ў пытаньнях разьвіцьця ў ценявым кабінэце Партыі працы.

Выданьне адзначае, што ўрад Дэвіда Кэмэрана мае права выдаткаваць на праграмы дапамогі суму роўную 0,7% валавога ўнутранага прадукту Вялікабрытаніі. Але каля 40% гэтай сумы распараджаюцца эўрапейскія фонды дапамогі, над якімі Лёндан ня мае наўпроставага кантролю. Да такіх фондаў належыць і EuropeAid у Брусэлі, зь якога фінансуюцца праграмы ўзмацненьня шчыльнасьці беларускай мяжы з Эўразьвязам і падрыхтоўка беларускіх праваахоўнікаў.

The Telegraph нагадвае сваім чытачам, што фонд EuropeAid атрымаў 1 мільярд фунтаў з брытанскага Дэпартамэнту дзеля міжнароднай дапамогі і што гэты фонд, пачынаючы ад 2007 году, выдаткаваў на Беларусь 68 мільёнаў фунтаў (110 мільёнаў даляраў).

«Нашы міністры павінны неадкладна ўзьняць гэтае пытаньне ў Эўрапейскай камісіі і забясьпечыць, каб грошы брытанскіх падаткаплатнікаў выдаткоўваліся такім чынам, які не падрывае нашых нацыянальных інтарэсаў і каштоўнасьцяў,» — зазначыў Джым Мэрфі.

У Дэпартамэнце міжнароднай дапамогі сказалі The Telegraph, што міністры брытанскага ўраду ведаюць аб гэтай фінансавай дапамозе беларускаму рэжыму і што яна надаецца ў такім памеры, каб падтрымаць палітыку «крытычнага ўзаемадзеяньня» Эўразьвязу зь Беларусьсю.

Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус так пракамэнтаваў гэтую публікацыю Свабодзе:

«Ня трэба лічыць усёй нашай дапамогі дапамогай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі або дапамогай нечаму, з чым мы не пагаджаемся. Калі мы, напрыклад, гаворым пра ахову нашых зьнешніх межаў, мы гаворым пра наш агульны клопат, і я думаю, што так нам трэба глядзець на інфармацыю пра такую дапамогу».

Падобную рэакцыю на артыкул у The Telegraph выказаў Пэтэр Стана, прэс-сакратар камісара Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Штэфана Фюле:

«Напрыклад, мы фінансуем праекты, якія маюць нейкае дачыненьне да зьмены клімату, да барацьбы з забруджваньнем навакольнага асяродзьдзя і, вядома, да абсталяваньня межаў, а таксама каб дапамагчы беларускім уладам ахоўваць мяжу, што не зьяўляецца аднабаковай, беларускай праблемай. Гэта падтрымка памежнікаў абсталяваньнем, напрыклад, машынамі з прыводам на чатыры колы, прыборамі начнога бачаньня ў мэтах прадухіленьня незаконных перасячэньняў мяжы і кантрабанды тавараў. Гэта адзіная рэч, якую мы робім зь беларускімі ўладамі».
XS
SM
MD
LG