Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі ЭЗ супраць Менску будуць падоўжаныя аўтаматычна


Як паведамляе брусэльскі карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк, візавыя і эканамічныя санкцыі Эўразьвязу супраць беларускіх уладаў будуць падоўжаныя аўтаматычна яшчэ на адзін год, пачынаючы ад лістападу.

Гэтак вынікае з раней прапісанага мэханізму санкцый, які прадбачвае іхны працяг у ня зьмененай форме, калі не зьмяняецца сытуацыя зь беларускімі палітвязьнямі (няма ні вызваленьня, ні рэабілітацыі вязьняў) ды з павагай уладаў да правоў чалавека, законнасьці і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі.

З увагі на гэты аўтаматызм падоўжаньня санкцый, яны ня будуць прадметам абмеркаваньня на сёньняшнім пасяджэньні міністраў замежных справаў ЭЗ, якое адбываецца ў Люксэмбургу.

На гэты момант санкцыі дзейнічаюць у дачыненьні да 243 асобаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі і ягоных старэйшых сыноў, і 32 кампаній, якія належаць набліжаным да яго беларускім алігархам.

На мінулым тыдні з заклікам да міністраў замежных справаў ЭЗ пашырыць і ўзмоцніць эканамічныя санкцыі супраць беларускіх кампаній, якія падтрымліваюць аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі, зьвярнуўся Нарвэскі Хэльсынскі камітэт. Ліст падпісалі каля дзясятка праваабарончых арганізацый з Эўропы, уключна з «Ostgruppen» (Швэцыя), «AdHoc» (Славаччыны), «People in Need» (Чэхія), «Libereco — Partnership for Human Rights» (Швэйцарыя і Нямеччына).

За працяг санкцый супраць беларускага рэжыму на мінулым тыдні выказалася таксама Рада БНР.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG