Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс Wired пра новую мову для дзяцей

  • Аляксандар Лукашук

Многія прадбачлівыя бацькі аддаюць дзяцей у садкі, дзе вучаць кітайскай — бо гэта мова будучыні, якая забясьпечыць посьпех новаму пакаленьню. Дзеці ва ўзросьце ад 3 гадоў сапраўды ўбіраюць мовы як губка — у іх моцная «працэдурная» памяць, якая надалей працуе як натуральныя рэфлекс. З узростам наперад выходзіць «дэкляратыўная» памяць, якая захоўвае факты. Яе галоўны недахоп — трэба рабіць намаганьне, каб, напрыклад, прыпомніць спражэньне няправільнага дзеяслова.

Тым больш важна правільна выбраць мову, якой вучыць з маленства, і гэта мова — зусім не кітайская, піша Wired. Гэта мова праграмаваньня.

Рэч у тым, што графічныя альгарытмы і здольнасьць апэраваць абстрактнымі сымбалямі цалкам даступныя чатырохгадовым дзецям. Гэта як будучыя вялікія скрыпачы, якія пачынаюць займацца у тры-чатыры гады, калі ў іх найбольш моцная працэдурная памяць: музыка — таксама форма коду, сэрыя абстрактных сыгналаў, якія трэба арганізаваць у пэўным парадку.

Wired прыводзіць досьвед ірляндзкага прафэсара Пола Гібсана, якога раздражняла маруднасьць 19-20-гадовых студэнтаў, якія не маглі спасьцігнуць азбуку праграмаваньня. Ён падумаў — а можа, мы вучым іх запозна? — і пачаў вучыць групу 8-9-гадовых дзяцей асновам мовы Java. Посьпех прымусіў яго задаць сабе наступнае пытаньне — а зь якога ўзросту ўвогуле можна пачаць абучэньне праграмаваньню. Аказалася, што 5-6-гадовыя з ашаламляльнай лёгкасьцю спраўляліся з гэтай задачай. Гібсан пісаў: «У дзяцей ва ўзросьце 5-11 гадоў такі патэнцыял вывучэньня альгарытмаў і разьлікаў, што было б сорамна чакаць, пакуль яны пасталеюць і мы пачнём вучыць іх асновам».
У дзяцей ва ўзросьце 5-11 гадоў такі патэнцыял вывучэньня альгарытмаў і разьлікаў, што было б сорамна чакаць, пакуль яны пасталеюць і мы пачнём вучыць іх асновам

У ідэале варта было б вучыць і праграмаваньню, і мове, піша Wired, але калі трэба выбіраць, аргумэнты на карысьць праграмаваньня — больш моцныя. Першы — эканамічны. Попыт на распрацоўшчыкаў праграмаў нашмат перавышае іх наяўнасьць і ў Амэрыцы ён вырасьце на 30% да 2020 году — удвая больш, чым у іншых спэцыяльнасьцях.

Але абучэньне праграмаваньню — ня толькі пастаўка кадраў для Google і Facebook заўтрашняга дня. Як дзьвюхмоўе дае кагнітыўныя перавагі пазьней у жыцьці, гэтак і раньняе знаёмства з асновамі праграмаваньня паляпшае здольнасьць асобы вырашаць задачы і разьвязваць праблемы. Нават для будучых філёлягаў вывучэньне праграмаваньня дае значныя перавагі. Ігнараваць мову праграмаваньня ўсё адно што не вучыцца вадзіць аўто ў спадзяваньні, што нехта будзе вас вазіць усё жыцьцё.

Большасьць нашых узаемадачыненьняў праз 50 гадоў будзе не з аднамоўнымі выхадцамі з Азіі — яны будуць з машынамі.

Дык давайце навучым дзяцей, як казаць машынам што рабіць, а не наадварот, піша Wired.
XS
SM
MD
LG