Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд вынесе рашэньне па катынскай справе


Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Стразбуры 21 кастрычніка вынесе рашэньне па скаргах сваякоў палякаў-ахвяраў масавага забойства ў Катыні ў 1940 годзе, у выніку якога загінулі больш за 20 тысяч польскіх ваеннапалонных.

У сваёй заяве пазоўнікі адзначылі, што расейскія ўлады неэфэктыўна правялі расьсьледаваньне гібелі іх блізкіх, а таксама грэбліва паставіліся да просьбаў аб прадстаўленьні інфармацыі пра лёс загіблых. Акрамя таго, яны патрабавалі прысудзіць ім справядлівую кампэнсацыю.

Віна савецкага боку ў гібелі палонных была ўпершыню прызнана Масквой у 1990 годзе, а праз 20 гадоў расейскія ўлады перадалі польскай пракуратуры рассакрэчаныя электронныя матэрыялы па справе.

Расьсьледаваньне катынскай справы было спынена Расеяй у 2004 годзе на падставе Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Расеі ў сувязі са сьмерцю вінаватых.

Пачынаючы з 2003 года, расейская пракуратура некалькі разоў адмаўляла пазоўнікам ў выдачы дакумэнтаў і інфармацыі па справе іх сваякоў, якія апынуліся сярод расстраляных.

Дакумэнты застаюцца засакрэчанымі дагэтуль, і польскі бок не меў доступу да гэтай і любой іншай інфармацыі аб расьсьледаваньні.
Ніхто ніколі не быў прызнаны вінаватым у сувязі з гэтым масавым забойствам, перадае ВВС.
XS
SM
MD
LG