Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінафэстываль «Bulbamovie» плянуе перабрацца ў Менск і стаць лепшым за «Лістапад»


Марыя Матусевіч, пераможца кінафэстывалю «Bulbamovie» ў Варшаве
Марыя Матусевіч, пераможца кінафэстывалю «Bulbamovie» ў Варшаве
У Варшаве працягваецца беларускі кінафэстываль «Bulbamovie». Учора ўручылі ўзнагароды, а сёньня адбываюцца майстар-клясы ды пазаконкурсныя кінапаказы стужак «Goodbye, бацька», «Жыве Беларусь» ды «Кастусь Каліноўскі».

У суботу былі названыя фільмы-пераможцы фэстывалю. У конкурсную частку сёлетняга фэстывалю трапіла 16 стужак: дакумэнтальныя, мастацкія і анімацыйныя.

Пераможцаў вызначала польска-беларускае журы, у тым ліку рэжысэр Юрка Каліна, крытык Максім Жбанкоў, рэжысэр Андрэй Кудзіненка. У падсумавальным выступе Максім Жбанкоў адзначыў:

«Спачатку я быў вельмі скептычна настроены наконт ідэі аб’яднаць фільмы розных жанраў у адзін конкурс — анімацыя, дакумэнт, фільм. Але бачу, у гэтым ёсьць свая рацыя. Летась мы мелі збольшага пачаткоўцаў, а цяпер бачым увесь спэктар».



«Бронзавую бульбу» журы прысудзіла анімацыйнай стужцы «Горад».

Як распавёў Радыё Свабода аўтар фільму Андрусь Такінданг, падзеі разгортваюцца ў Менску: «Вулічны музыка пераўтварае зомбі, якія лютуюць у горадзе, у звычайных людзей. І ўсё гэта мае пазытыўную разьвязку». Паводле аўтараў, гэта сымбалізуе ўплыў мастацтва на грамадзтва.

«Срэбнаю бульбаю» ўзнагародзілі дакумэнтальны фільм рэжысэркі Тацяны Сяцко «Ня веру» пра менскую Акадэмію мастацтваў:

Тацяна Сяцко
Тацяна Сяцко
«Калі казаць вузка, то гэта фільм пра праблемы акторскай адукацыі. Калі казаць шырэй, то пра тое, ці можна навучыць творчасьці і як гэтаму вучаць у Беларусі. Куды дзецца людзям, якія скончылі Акадэмію мастацтваў і як ім жыць далей. Гэта фільм пра тэатральную прастору Менску. Тут ёсьць акторы, рэжысэры, студэнты, выкладнікі. Я спрабавала пачуць і зразумець кожнага» — распавяла Свабодзе аўтарка фільму.

Андрэй Кудзіненка ўручыў галоўную ўзнагароду «Залатую бульбу» аўтарцы анімацыйнай стужкі «Фокус» Марыі Матусевіч зь Менску. Галоўны герой фільму — белы трус. Ён жыве ў маленькім здымным пакоі, поўным сюрпрызаў. Менавіта вакол гэтых нечаканак пабудаваная анімацыйная гісторыя: белы трус прыбіраецца ў пакоі пасьля чарговай катастрофы. Журы адзначыла высокую якасьць стужкі.



Аўтар ідэі і галоўны арганізатар фэстывалю Януш Гаўрылюк распавёў, што ідэя зьявілася некалькі гадоў таму, калі ён папрасіў сяброў параіць беларускае кіно, і ніводзін нічога не прапанаваў:

Арганізатары фэстывалю Януш Гаўрылюк і Пётрэк Дудановіч
Арганізатары фэстывалю Януш Гаўрылюк і Пётрэк Дудановіч
«Тады я пачаў шукаць. Даведаўся пра Кудзіненку, які зьняў „Акупацыя. Містэрыі“. Потым пару фільмаў сабраў. І першы фэстываль быў проста прагляд беларускага кіно, зьнятага за апошнія 10 гадоў. Тады ўзьнікла ідэя абвясьціць конкурс». Гаўрылюк апавёў, што на конкурс летась прыйшло 60 заявак, зь якіх абралі 15 найлепшых фільмаў: «Я пабачыў, што для людзей, якія прыехалі на конкурс, паглядзець свае фільмы ў вялікім кінатэатры ў Варшаве — для іх гэта вельмі важна».

Паводле Гаўрылюка, выбар пераможцы сёлета — фільму, які быў дыплёмнай працай студэнткі Акадэміі мастацтваў — сьведчыць пра тое, што на фэстывалі няма палітычных падзелаў:

«Мы ня дзелім, зь Беларусьфільму ці Акадэміі мастацтва, ці незалежны творца. Для нас важна толькі кіно. Мы хочам у будучыні рабіць праграмы адукацыі і майстар-клясы для беларускіх творцаў. У Беларусі цяпер мода на кіно: людзі любяць і хочуць рабіць кіно. Галоўнае — як і пра што».

Як мяркуе Януш Гаўрылюк, «Бульбамуві» з часам стане нармальным фэстывалем эўрапейскага ўзроўню:

«Мая візія, каб праз пару гадоў «Bulbamovie» адбываўся ў Менску. Людзі кажуць, што гэта цяпер адзіны такі фэстываль увогуле, падобных няма ні ў Менску, ні дзе-небудзь яшчэ. На фэстывалі „Лістапад“, напрыклад, амаль адсутнічаюць беларускія фільмы, а ў нас будуць толькі беларускія фільмы. І гэта самае галоўнае адрозьненьне».

Сярод іншага сваю ўзнагароду ўручыў тэлеканал Белсат. Бюджэт на стварэньне наступнага фільму атрымаў Сяргей Каласоўскі.

Увечары ў суботу адбыўся канцэрт магілёўскага гурту Akute.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG