Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску забаранілі сьвяткаваць 25-я ўгодкі БНФ


Ян Дзяржаўцаў

Ян Дзяржаўцаў

У правядзеньні пікету адмоўлена віцебскім сябрам КХП БНФ Яну Таўпыгу і Яну Дзяржаўцаву.

Яны хацелі нагадаць пра гэтую падзею землякам у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў — месцы, адмыслова вызначаным для правядзеньне масавых акцый. Але ў адказ на сваю заяўку атрымалі паведамленьне пра забарону акцыі за подпісам намесьніцы старшыні адміністрацыі Чыгуначнага раёну Натальлі Ляпёшкінай.

Прычына забароны — адсутнасьць дамоваў на абслугоўваньне акцый з міліцыяй, службай ЖКГ і медыкамі. Паводле рашэньня Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску», дамовы на абслугоўваньне акцый заяўнікі мусяць падаваць разам з заяўкай на акцыю. Але адказныя службы заўжды шукаюць падставаў ухіліцца ад заключэньня дамоваў з апазыцыянэрамі, пакуль адказу пра дазвол акцыі не далі мясцовыя ўлады. Атрымліваецца «зачараванае кола», зь якога за мінулыя 4 гады выйсьця так і на знайшлося.

За час дзеяньня гэтага рашэньня гарвыканкаму ў Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі паводле ініцыятывы апазыцыйных актывістаў. Яны неаднаразова патрабавалі зьменаў ў рашэньні № 881. Але з гарвыканкаму ім адказвалі, :што яно прайшло юрыдычную экспэртызу і занесена ў рэестар дзяржаўных актаў, і таму, маўляў, бездакорнае.

Звароты ў суд не дапамаглі таксама. Ян Дзяржаўцаў, і іншыя актывісты некалькі разоў спрабавалі аспрэчыць забароны раённых адміністрацыяў, а таксама абавязаць мэдыкаў і міліцыянтаў заключаць дамовы, не спасылаючыся на непераканаўчыя прычыны, накшталт «усе міліцыянты занятыя» ці «чакаецца успышка сэзонных захворваньняў». Аднак суды прызнавалі адмовы чыноўнікаў законнымі. І даводзілі актывістам , што ні абласную ўправа МУС, ні гарадзкую паліклініку № 1 немагчыма праз суд змусіць заключаць дамовы.
XS
SM
MD
LG