Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 кастрычніка ва ўрочышчы Курапаты распачаўся трэці, заключны ў гэтым годзе этап талакі, прымеркаваны да Дню памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. 29 кастрычніка 1937 годзе ў Менску было расстраляна больш за 100 чалавек.

Старшыня беларускай філіі Міжнароднага Мэмарыялу Ўладзімер Раманоўскі распавёў, што цягам паўгадавой талакі прыбралі толькі адзін гэктар ўрочышча зь 19 гэктараў, якія займаюць Курапаты:

«Добра, што працавалі кожны тыдзень. Кепска, што прыбралі адносна мала. Справа ў тым, што ва ўрочышчы распаўсюдзілася расьліна спырэя. Ён душыць лес, і яго складана выкарчоўваць. Нават калі мы вырываем яго, карнявая сыстэма застаецца, і неўзабаве дае новыя парасткі. Таксама часта тут сустракаюцца кавалкі бэтону, шкло, бытавое сьмецьце».



Уладзімер Раманоўскі кажа, што, каб прыбраць Курапаты цалкам, патрэбны яшчэ не адзін год, і выказаў спадзяваньне, што налета справа пойдзе актыўней, бо ўжо адладжаная схема праца і сфармаваны касьцяк актывістаў, вакол якіх гуртуюцца тыя, хто прыходзіць на талокі нерэгулярна ці выпадкова.

«Важная рэч яшчэ ў тым, што мы ўспрымаем валянтэрства як сродак папулярызацыі Курапатаў. Можа нехта ніколі б і не даведаўся, што такое Курапаты і што тут адбывалася, калі б ня нашыя пастаянныя заклікі пра тое, што неабходная дапамога», — адзначыў Уладзімер Раманоўскі.

Каардынатарка грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька прыехала на талаку адразу пасьля вызваленьня з Кастрычніцкага РУУС Менску, куды яе адвезьлі падчас затрыманьня на вакзале, дзе яна сустракала вызваленага Паўла Севярынца, таксама ня ўсьцешаная вынікамі талокаў. Актывістка лічыць, што патрэбна больш людзей і больш тэхнікі:

«Для таго, каб захаваць гэты лес, трэба вельмі хутка рэагаваць. Тут ёсьць магілы, якія цалкам зарасьлі хмызьнякамі. Мы іх знаходзім, чысьцім, пасьля ўсталёўваем на іх крыжы. Гэты этап талакі, які сёньня распачаўся, прысьвечаны Дню памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі. 29 кастрычніка 1937 году ў Менску расстралялі больш за 100 чалавек. Неўзабаве мы будзем усталёўваць крыж у знак памяці гэтых людзей, тым больш што большасьць іх прозьвішчаў ужо вядомая, дзякуючы дасьледаваньню гісторыка Леаніда Маракова».
Валянтэр Уладзімер распавёў, што прыйшоў на талаку ўпершыню: «Учора выпадкова пабачыў у сеціве абвестку. Праз тое, што мне неабыякава ўсё, што зьвязана з Беларусьсю, вырашыў далучыцца. Вось людзі робяць рамонт у дамах, дзе жывуць. А я ўсё Беларусь лічу сваім домам, таму ўсюды трэба наводзіць парадак, у тым ліку ў Курапатах».



А валянтэрка Алена дапамагае ва ўрочышчы даволі часта: «Пра талаку я калісьці прачытала таксама ў сеціве. Стала цікавіцца гісторыяй. Падзеі, якія адбываліся на Курапатах, мяне моцна ўзрушваюць. Таму хочацца гэтым займацца, нягледзячы на тое, што здароўе ўжо ня тое. Але калі ёсьць час і добрае надвор’е, заўсёды дапамагаю прыбіраць урочышча».







Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG