Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны аргкамітэт БНФ сьвяткуе 25-годзьдзе: «Місія Фронту недавыкананая»


У майстэрні Аляксея Марачкіна на вуліцы Старажоўскай у Менску закончылася ўрачыстае сьвяткаваньне 25-годзьдзя БНФ. Удзельнічалі бальшыня сябраў гістарычнага аргкамітэту 1988 году. Адметна, што ў сьвяткаваньні ўдзельнічалі прыхільнікі розных плыняў БНФ: як Зянона Пазьняка, так і Баршчэўскага і Вячоркі.

Падчас сьвяткаваньня, сярод іншых, Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Вінцук Вячорка і Юрась Беленькі, Валянцін Голубеў і Лявон Баршчэўскі, Пятро Садоўскі і Алег Трусаў, гісторыкі Валянцін Мазец і Уладзімер Ляхоўскі. У прамовах казалі пра ролю БНФ, пра пачаткі незалежніцкага руху, пра шанцы і пэрспэктывы сёньня. Удзельнікі ў цэлым пагадзіліся, што БНФ яшчэ не вычарпаў сябе, што місія канчаткова не выкананая, і зараз неабходна аб’яднаньне ўсіх тых, хто падзяляе каштоўнасьці Фронту.

Лявон Баршчэўскі падсумаваў у інтэрвію Радыё Свабода:

«Я лічу, гэта было аўтэнтычнае сьвяткаваньне. Сабраліся і выступілі менавіта сябры першага аргкамітэту, якія вялі рэй у 1988 годзе. Іх выступы былі самыя яркія, гэта былі выступы, ня толькі зьвернутыя ў мінуўшчыну, але і будучыню. Казалі пра ідэалы БНФ, пра тое, як, нягледзячы на ўсе неспрыяльныя ўмовы, важна даходзіць да людзей і да народу. Сустрэча і выступы паказалі што ня трэба шукаць сякеру пад лавай. Тое, што прыдумана ў 1988 годзе, на 90 працэнтаў актуальнае і зараз. Гэта пакінула вельмі прыемнае ўражаньне.

Я нават не чакаў, што ўсе прысутныя сябры аргкамітэту будуць гаварыць на гэтыя тэмы. Гэта сьведчыць, што ёсьць нерэалізаваны патэнцыял. А гэтыя людзі, выштурхнутыя на ўзбочыну, вельмі шмат могуць. І калі Севярынец патэлефанаваў і сказаў, што будзе дарабляць тое, што мы не дарабілі, тут узьнікла пярэчаньне, што мы самі нестарыя, досыць маладыя, і самі будзем дарабляць, і дапамагаць. Настрой вельмі пазытыўны, так што будзем глядзець у будучыню»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG