Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольненыя з Мазырскага НПЗ будуць узнаўляцца на працы праз суд


Мазырскі НПЗ

Мазырскі НПЗ

Справы пра звальненьні, з-за якіх прафсаюзны актывіст Юры Швец абвясьціў галадоўку, будуць вырашацца судовым парадкам. Кіраўніцтва НПЗ ня здолела дамовіцца з прафсаюзнымі актывістамі. Пра гэта паведаміў Радыё Свабода Юры Швец.

Юры Швец, які трымае галадоўку ад 14 кастрычніка, амаль увесь дзень быў недаступны праз тэлефон. Цяпер распавядае, што ўвесь час пераконваў камісію па працы, што людзей звольнілі незаконна. Але не пераканаў. Цяпер незалежны прафсаюз будзе аказваць сваім сябрам юрыдычную падтрымку.

«Не прыходзім да згоды. Усе справы будуць перадавацца ў суд. Самі людзі падаюць пазовы аб аднаўленьні на працы і аб адмене загадаў розных».

Адзін са звольненых, Уладзімер Ключнікаў, такі пазоў ужо падаў. Будзе дамагацца аднаўленьня на працы на сваёй пасадзе. Першае судовае паседжаньне адбудзецца ў аўторак.

Уладзімер працаваў на Мазырскім НПЗ лінейным трубаўкладчыкам. Па трэцім разрадзе атрымліваў каля пяці мільёнаў. Быў старшынём цэхавага камітэту Незалежнага прафсаюзу і грамадзкім інспэктарам па ахове працы. Перакананы, што звольнілі яго незаконна і што зьвязана гэта зь ціскам на незалежны прафсаюз:

Уладзімер Ключнікаў

Уладзімер Ключнікаў

Ключнікаў: «З нашага цэху палова выйшла. За тымі, хто не хацеў сыходзіць, пільна сачылі — за кожным крокам, за кожнай дробязьзю, каб пераканаць, каб прынялі «слушнае рашэньне».

«Да мяне не было да чаго дачапіцца, дык яны проста сталі выдумляць. І людзі са мной не хацелі працаваць. Бо каго са мной пашлюць, да таго таксама чапляюцца, як і да мяне. Са мной працаваць — гэта ўжо як катарга стала. Хто ляяльны да кіраўніцтва — тыя могуць рабіць што хочуць, працаваць — не працаваць, спаць — ня спаць. А да нас заўжды падвышаная ўвага».

Ключнікаў ня надта спадзяецца, што суд удасца выйграць. Кажа, што на ўсіх папярэдніх падобных судах рашэньне прымалася на карысьць кіраўніцтва НПЗ.

У той жа час кіраўніцтва канцэрну «Белнафтахім» раз за разам адкладае сустрэчу з прадстаўнікамі незалежнага прафсаюзу, якая мае спыніць галадоўку Юрыя Швеца ў Мазыры.

Лідэр Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін кажа, што сустрэчу, на якой маюць абмеркаваць патрабаваньні незалежнага прафсаюзу, перанесьлі ўжо другі раз. Дакладная дата яе невядомая:

Мікалай Зімін

Мікалай Зімін

«Спачатку дамовіліся на 16 кастрычніка, пасьля перанесьлі на 18-га. А цяпер увогуле на невядома які дзень. Я размаўляў зь Якубовічам (Павал Якубовіч — намесьнік старшыні канцэрну „Белнафтахім“), ён мне сказаў: „Перанясем на пазьнейшы тэрмін“. Тое ж самае робяць, як і на прадпрыемстве: зацягваюць, зацягваюць вырашэньне, а пасьля адфутболяць».

Зімін кажа, што прафсаюз прапануе правесьці сустрэчу 23 кастрычніка.

Прэс-сакратар «Белнафтахіма» Марына Касьцючэнка паведаміла, што кіраўніцтва ў курсе таго, што ў Мазыры галадае прафсаюзны актывіст, але хоча сабраць усе неабходныя дакумэнты для сустрэчы. «Калі сустрэча адбудзецца, я ня ведаю», — сказала прэс-сакратар.

Тым ня менш кіраўнікі незалежнага прафсаюзу папрасілі актывістаў галадоўку прыпыніць. Васіль Альхоўскі ўчора ўжо спыніў акцыю. Юры Швец плянуе працягваць галадаць да 19 кастрычніка.

«Канечне, мы патрабуем, каб перазаключылі дамову ці заключылі новую дамову з тымі сябрамі незалежнага прафсаюзу, якія былі незаконна, на нашую думку, звольненыя з Мазырскага НПЗ, — кажа Мікалай Зімін. — Трэба паглядзець, як там выконваецца калектыўная дамова. Вось там людзі былі перадпэнсійнага ўзросту. Як іх можна звальняць? Гэта амаральна! Таму ж Купрыянаву (Анатоль Купрыянаў — генэральны дырэктар Мазырскага НПЗ) — 64 гады! І ніхто ж ня кажа, што гэта амаральна, што яго трымаюць на працы. І іншыя людзі, якія вось-вось дасягнуць пэнсійнага ўзросту, — іх звальняюць».

Адной са звольненых сяброў прафсаюзу Тацяне Баброўнік, па словах Зіміна, застаецца да пэнсіі два гады.

Дзеяньні кіраўніцтва дзіўныя, і калі зыходзіць з плянаў продажу акцыяў прадпрыемства, — кажа Зімін. — «Паводле ўмоваў на момант продажу на прадпрыемстве павінны працаваць 4600 чалавек. Мне палітыка кіраўніцтва ў дачыненьні да гэтых людзей незразумелая».

Зусім нядаўна беларускія ўлады абвясьцілі пра продаж усяго дзяржаўнага пакета Мазырскага НПЗ, які складае 42,76%.

Але галоўныя патрабаваньні актывістаў, кажа Зімін, — каб «узаемадачыненьні незалежных прафсаюзаў і наймальнікаў увайшлі ў нармальнае рэчышча».
XS
SM
MD
LG