Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юбілей — гэта заўсёды нагода аглянуцца назад, зладзіць рэфлексію, асэнсаваць здабыткі і страты. Прычым зрабіць гэта можна з абсалютна процілеглых пазыцый.

Адны скажуць: як жа БНФ не перамог? А незалежная Беларусь — хіба гэта не выдатны вынік гераічнага 25-гадовага змаганьня?

А шмат хто, гледзячы на сёньняшні стан дзьвюх частак былога Беларускага Народнага Фронту, паблажліва паківае галавою. Маўляў, вось да чаго дажыліся.

У кожнай эпохі свае героі. Асноўнай ударнай сілай, якая разгайдала, а затым і разламала таталітарны рэжым у СССР, былі нацыянальныя рухі ў выглядзе народных франтоў. Паколькі Савецкі Саюз быў імпэрыяй, то ідэалёгія антыкамунізму набыла нацыянальную афарбоўку. Важна падкрэсьліць, што менавіта тыя рэгіёны, дзе ідэя нацыянальнага адраджэньня атрымала найбольшы ўплыў, першымі пачалі дэмантаваць камуністычны рэжым: Прыбалтыка, Грузія, Армэнія, Малдова, Заходняя Ўкраіна. Нават у РСФСР блёк «Дэмакратычная Расея» на чале зь Ельцыным перамог пад лёзунгам сувэрэнітэту Расеі. І адваротны прыклад: у Беларусі, Сярэдняй Азіі ідэя нацыянальнага адраджэньня не атрымала ўсенароднай падтрымкі, і таталітарныя структуры захаваліся тут у найбольшай ступені.

Варта адзначыць, што Беларусь — адзіная постсавецкая краіна, дзе Народны Фронт захаваўся як палітычная структура амаль у першародным выглядзе. Ва ўсіх іншых дзяржавах франты даўно пазьнікалі. І ніхто зь лідэраў народных франтоў фактычна не захаваўся ў палітыцы. Можна ўзгадаць хіба што літоўца Ландсбэргіса — цяпер ён дэпутат Эўрапарлямэнту.

У краінах Балтыі Народныя франты выканалі сваю гістарычную ролю і трансфармаваліся ў іншыя партыі. У Азербайджане і Грузіі гэтыя арганізацыі заваявалі ўладу, але скончылі бясслаўна, іх выкінулі з уладных кабінэтаў гвалтоўным шляхам.

Апошнімі гадамі зрабілася вельмі папулярным гаварыць пра памылкі БНФ. Тэма цікавая. Але я хацеў бы зьвярнуць увагу на аб’ектыўныя чыньнікі, якія спрычыніліся да сёньняшняга стану некалі ўплывовай апазыцыйнай сілы.
У той легендарны час гарбачоўскай перабудовы БНФ фактычна манапалізаваў увесь пратэстны патэнцыял беларускага грамадзтва

У той легендарны час гарбачоўскай перабудовы, калі БНФ зьбіраў на вуліцы пад сваімі сьцягамі сотні тысяч прыхільнікаў, фронт фактычна манапалізаваў увесь пратэстны патэнцыял беларускага грамадзтва. Ён акумуляваў розныя плыні. Пад сьцягамі фронту выступалі ня толькі нацыянальна арыентаваныя беларусы, але і прыхільнікі агульнадэмакратычных каштоўнасьцяў. БНФ ачоліў увесь спэктар антыкамуністычнага, антытаталітарнага пратэсту.

А пасьля распаду СССР, стварэньня незалежнай Беларусі, калі ў краіне запанавала дэмакратыя, пачалася палітычная, ідэалягічная дыфэрэнцыяцыя. З БНФ засталіся толькі прыхільнікі нацыянальнага адраджэньня. Антыкамуністычны фронт падзяліўся на лібэралаў, сацыял-дэмакратаў, хрысьціянскіх дэмакратаў і інш. Зьявіўся і намэнклятурны варыянт трансфармацыі ў выглядзе Аграрнай партыі, Партыі народнай згоды, партыі «Беларускі навукова-вытворчы кангрэс». Аб’ектыўна гэта вяло да зьніжэньня палітычнай вагі БНФ.

Другі момант. Крах СССР, камуністычнай сыстэмы выклікаў глыбокі сыстэмны крызіс, якому спадарожнічалі эканамічны спад, падзеньне ўзроўню жыцьця, востры псыхалягічны стрэс ад страты ранейшых сьветапоглядных каардынатаў. Зьмены, аб якіх марылі мільёны людзей, адбыліся, але жыць стала горш.

Тут варта адзначыць, што невыпадкова Алесь Адамовіч назваў Беларусь «антыперабудоўчай Вандэяй». І беларускае грамадзтва, і эліта ўсяляк супраціўляліся працэсам рэформаў. Таму што большасьць грамадзян успрымала машэраўскія часы як пэрыяд найбольш пасьпяховага разьвіцьця Беларусі. Індустрыялізацыя рэспублікі, урбанізацыя, якія прайшлі на вачах аднаго пакаленьня, прывялі да значнага падвышэньня ўзроўню і якасьці жыцьця людзей. І ўсе развагі пра застой, крызіс сацыялізму выклікалі неразуменьне ў асноўнай часткі беларусаў.

Таму распад звыклага ладу жыцьця быў успрыняты беларускім грамадзтвам хваравіта. Для абывацеля перамены выліліся ў зьмену сымболікі, пераход да беларускай мовы (за што найбольш выступаў БНФ) з паралельным падзеньнем узроўню жыцьця. І адразу ўзьнікла пытаньне: хто вінаваты? Адказ ляжаў на паверхні: тыя, хто найбольш заклікаў да пераменаў.

І яшчэ. З усіх рэспублік СССР Беларусь найбольш эканамічна была прывязаная да Расеі. Без расейскай сыравіны і камплектуючых уся беларуская прамысловасьць існаваць не магла. Таму падтрыманьне гаспадарчых сувязяў з Расеяй было пытаньнем выжываньня эканомікі Беларусі.
Беларуская нацыянальная ідэя — гэта па самой сваёй прыродзе антырасейская ідэя

А між тым ідэалёгія беларускага нацыянальнага адраджэньня, за якую змагаўся БНФ, аб’ектыўна насіла антырасейскі характар. Гэта была агульная заканамернасьць. Усе народныя франты на прасторах СССР выступалі пад сьцягам дыстанцыяваньня ад імпэрскага цэнтру. Беларуская нацыянальная ідэя — гэта па самой сваёй прыродзе антырасейская ідэя. Бо менавіта адтуль, з Расеі, ідзе пагроза паглынаньня беларускага этнасу.

І вось, з аднаго боку, аб’ектыўная патрэбнасьць у эканамічным збліжэньні з Расеяй дзеля эканамічнага выжываньня Беларусі. А зь іншага боку, аб’ектыўная патрэбнасьць у дыстанцыяваньні ад Расеі дзеля беларускага нацыянальнага адраджэньня. У гэты разлом, разрыў і трапіў БНФ.

Толькі разумеючы гэтыя аб’ектыўныя чыньнікі, можна разважаць пра памылкі лідэраў БНФ.

Зь юбілеем!
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG