Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра расстрэл Вярхоўны суд абвесьціць 22 кастрычніка


Belarus – The Supreme Court of Belarus, Minsk, 10Mar2010

Belarus – The Supreme Court of Belarus, Minsk, 10Mar2010

18 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў касацыйную скаргу на сьмяротны прысуд, вынесены жыхару Гомельскай вобласьці Аляксандру Грунову за жорсткае забойства. Рашэньне будзе абвешчана 22 кастрычніка.

Раней судзімы 24-гадовы Аляксандар Груноў 20 верасьня мінулага года забіў сваю знаёмую, студэнтку Натальлю Емяльянчыкаву. Ён нанёс дзяўчыне больш за сто нажавых раненьняў. На судзе Аляксандар Груноў патлумачыў, што дзяўчына абразіла яго ў кампаніі знаёмых людзей і не папрасіла прабачэньня. У судзе Груноў віну прызнаў цалкам і папрасіў прабачэньня ў маці Натальлі. 14 чэрвеня Гомельскі абласны суд асудзіў Грунова да сьмяротнага пакараньня — расстрэлу.

Як апавялі сябры кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі», якія прысутнічалі на працэсе ў Вярхоўным судзе, маці забітай дзяўчыны і прадстаўнік Генпракуратуры выступілі за захаваньне сьмяротнага прысуду Грунову.

Адвакат Сяргей Красноў зьвярнуў увагу на шэраг парушэньняў, зьвязаных з крымінальнай справай. Ён таксама адзначыў, што да ўступленьня ў законную сілу выраку Гомельскага абласнога суду Груноў ужо ўтрымліваўся ў адзіночнай камэры для сьмяротнікаў, дзе быў вымушаны насіць вопратку з надпісам на сьпіне «сьмяротнае пакараньне». Адвакат заклікаў судзьдзяў кіравацца законам, а не эмоцыямі.

«Прынцып таліёну „кроў за кроў“ адышоў у старажытнасьць», — адзначыў адвакат.

18 верасьня Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле сьмяротны прысуд Паўлу Селюну, які быў абвінавачаны ў падвойным забойстве — сваёй жонкі і яе каханка. 12 ліпеня Гарадзенскі абласны суд вынес яму сьмяротны вырак.

Цягам 2013 году Магілёўскі абласны суд таксама вынес сьмяротны вырак Рыгору Юзапчуку.

З 2010 па 2012 год у Беларусі былі прыведзеныя ў выкананьне пяць сьмяротных прысудаў, нягледзячы на тое, што Камітэт ААН па правах чалавека заклікаў прыпыніць выкананьне прысудаў.

Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе выкарыстоўваюць сьмяротнае пакараньне. Эўрапейскія структуры ня першы год заклікаюць афіцыйны Менск адмовіцца ад сьмяротнай кары.

Спэцдакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці заклікаў улады Беларусі неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, пакуль не адбудзецца рэформы заканадаўства і судовай сыстэмы, якая дазволіць выдаліць сьмяротнае пакараньне з Крымінальнага кодэксу краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG