Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў пра новы выпадак зьмяшчэньня ў псыхіятрычны шпіталь апанэнта мясцовых уладаў.

У Івацэвіцкім раёне быў зьмешчаны на тыдзень у псыхбальніцу жыхар вёскі Вялікая Гаць Валянцін Кавальчук. Праз тыдзень знаходжаньня ў шпіталі яму паставілі дыягназ: расстройства з трызьненьнем, лячэньне не патрабуецца, але павінен быць пад наглядам мясцовага псыхіятра. З такімі дакумэнтамі Кавальчука выпісалі дадому.

Калі Валянцін Кавальчук спытаў у сябра камісіі ў псыхбальніцы, чаму яму паставілі такі дыягназ, адказ быў наступны: шмат пішаш скаргаў і не зьбіраесься спыняцца.

Пасьля спрэчкі з суседкай, яка прыбіла свой плот да ягонай хаты, Кавальчук піша скаргі з 2007 году, але мясцовыя ўлады на іх не рэагуюць.

А ў 2013 годзе зьявілася рашэньне суду накіраваць Валянціна Кавальчука на прымусовае абсьледаваньне ў псыхбальніцу. Пра рашэньне суду мужчына даведаўся толькі пры паступленьні ў шпіталь. Яго практычна не лячылі: тры дні давалі 2 разы ў дзень лёгкія снатворныя і некалькі дзён трэцюю частку таблеткі асьпірыну. Прайшоў тэсты. Цяпер паводле дакумэнтаў Валянцін прызнаны псыхічна хворым, і яму небясьпечна далей адстойваць сваю пазыцыю. Хоць і мае на руках даведку ад 2011 году, што псыхічна ён здаровы.

Раней у Віцебску ў вар’ятню зьмясьцілі лекара Ігара Паснова, які прабыў там з 16 жніўня па 20 верасьня. Прымусовае псыхіятрычнае лячэньне для яго санкцыянаваў суд Віцебскага раёну. На працэсе не было ні самога пацыента, ні ягонага законнага прадстаўніка ці адваката. Віцебскі абласны суд пакінуў касацыйную скаргу на рашэньне суду першай інстанцыі без задавальненьня. Парушэньне правоў Ігара Паснова прызналі і беларускія, і замежныя праваабаронцы, зь якімі віцебскі лекар зьбіраецца падтрымліваць стасункі, каб дамагчыся зьменаў у закон «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі».

Пасноў лічыць, што ўлада прадэманстравала грамадзтву яшчэ адзін інструмэнт у барацьбе з іншадумствам — псыхіятрыю. Ігар Пасноў стаў вядомы сеціўнымі відэазваротамі, у якіх выказваў крытычныя думкі пра стан віцебскай мэдыцыны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG