Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і дзе будуць адзначаць 25-гадовы юбілей БНФ?


Першы зьезд БНФ

Першы зьезд БНФ

19 кастрычніка спаўняецца 25 гадоў з дня ўтварэньня БНФ.

Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне» быў створаны 19 кастрычніка 1988 году на сходзе ў Чырвоным касьцёле ў Менску. Устаноўчы зьезд адбыўся ў Вільні 24–25 чэрвеня 1989 году.

25-гадовы юбілей першай дэмакратычнай партыі Беларусі ў Менску будуць адзначаць на трох імпрэзах.

Аб 11-й гадзіне 19 кастрычніка зьбяруцца сябры аргкамітэту БНФ, якія былі заснавальнікамі арганізацыі роўна 25 гадоў таму.

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Адзін зь лідэраў Беларускага Народнага Фронту, былы старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў Свабодзе:

«Беларускі Народны Фронт зьдзейсьніў велізарную справу. Дзякуючы БНФ, дзякуючы нашай дзейнасьці і таму, што мы арганізоўвалі, надавалі ідэйны сэнс грамадзкім зрухам, рабочым усплёскам, памкненьням да свабоды, якія тады выбухалі адно за адным, ніхто ня можа сказаць, што незалежнасьць звалілася на беларусаў зьнянацку. Мы за яе змагаліся, ахвяраваліся за яе, і ў гэтым безумоўная заслуга БНФ. А палітычная традыцыя БНФ змаганьня за свабоду і незалежнасьць як неразрыўныя каштоўнасьці, змаганьня за нацыянальнае адраджэньне, безь якога няма будучыні беларускай нацыі, усё мае сэнс і цяпер, і гэтая палітычная ніша, гэты палітычны сьцяг, я ўпэўнены, мае патэнцыял весьці за сабой людзей і цяпер», — заявіў Вінцук Вячорка.

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ правядзе сваё сьвяткаваньне ў Менску ўвечары 18 кастрычніка, паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар партыі Валер Буйвал:

Валеры Буйвал

Валеры Буйвал

«У нас адбудуцца ўрачыстае пасяджэньне і канцэрт, запрашаюцца вэтэраны БНФ. Фронтаўская ідэя жыве ў зьдзяйсьненьнях Беларускага Народнага Фронту, сотняў тысячаў беларускіх патрыётаў, жыве ў нашай перамозе, якой наш народ дасягнуў у 1991 годзе, аднавіўшы сваю дзяржаўную незалежнасьць, абраўшы самастойны шлях пасьля 200 гадоў расейскай акупацыі. Гэта самае галоўнае. Барацьба працягваецца, і працягваюць яе ўсё тыя ж людзі, да якіх далучылася новае пакаленьне маладзейшых беларускіх патрыётаў. Наперадзе ў нашага народу — канчатковая перамога фронтаўскай ідэі і ўсталяваньне ў нашай краіне дэмакратычнай, беларускай, сапраўднай эўрапейскай улады».

Час і месца ўрачыстага пасяджэньня Валер Буйвал пакуль назваць ня можа.

У сядзібе Партыі БНФ у суботу 19 кастрычніка аб 11 гадзіне адбудзецца юбілейнае пасяджэньне Сойму партыі, а 15 гадзіне там жа пройдзе сьвяточны прыём, паведаміў Свабодзе намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Запрошаныя шмат гасьцей, і вэтэраны фронту, і амбасадары, і сябры іншых грамадзкіх арганізацый і партый. Гэта сьвята ня толькі Партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ „Адраджэньне“, гэта сьвята пачатку дэмакратыі ў Беларусі, афіцыйнай дэмакратыі, першай арганізацыі, якая атрымала рэгістрацыю. У тыя часы ў Беларусі, акрамя кампартыі, не было ніводнай палітычнай арганізацыі. Менавіта са стварэньнем Фронту пачаліся і іншыя партыі ды арганізацыі. Гэта сьвята для ўсіх беларусаў, для каго каштоўнасьці дэмакратыі зьяўляюцца знакавымі. З БНФ пачалося, і БНФ даможацца таго, каб на Беларусі сталася тое, пра што мы марым, каб нашая краіна стала эўрапейскай, дэмакратычнай і беларускай».

Рыгор Кастусёў перакананы, што нягледзячы на фармальны падзел у партыях і арганізацыях, якія выйшлі з БНФ, мэты і каштоўнасныя падмуркі ў іх застаюцца аднолькавымі:

«Каштоўнасьці нас аб’ядноўваюць, тут у нас няма разыходжаньняў. Ёсьць разыходжаньні толькі ў падыходах, і то яны ня маюць вялікіх разломаў, як гэта падаецца. Гэта нармальная зьява, так было і ў іншых краінах, дзе з франтоў выходзілі розныя партыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG