Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запрашэньне на саміт перадалі, ці прыедзе Лінкявічус?


Лінас Лінкявічус

Лінас Лінкявічус

У Міністэрстве замежных спраў Літвы пакуль ня маюць даты візыту ў Менск міністра замежных спраў Лінаса Лінкявічуса, які плянуе сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам.

Раней паведамлялася, што сустрэча можа адбыцца ў кастрычніку.

«Сёньня наш міністар у Нью-Ёрку, потым будзе ў Люксэмбургу, і, наколькі нам вядома, на наступным тыдні такога візыту няма. У бліжэйшым раскладзе такога візыту няма», — паведаміла карэспандэнту Свабоды кіраўніца дэпартамэнту па сувязях з грамадзкасьцю Гіна Казлаўскене.

Раней са спасылкай на літоўскага прэм’ер-міністра Альгірдаса Буткявічуса паведамлялася, што Лінас Лінкявічус мае ўручыць Лукашэнку запрашэньне на саміт «Усходняга партнэрства» ў Вільні.

Аднак, паводле літоўскага МЗС, 15 кастрычніка запрашэньні на саміт ужо перададзеныя кіраўнікам дыпмісіяў шасьці краін-удзельніц «Усходняга партнэрства».

Гіна Казлаўскене адзначыла, што запрашэньні ўжо перададзеныя.

Яна таксама сказала, што «ў нас не было такіх зьвестак», што Лінас Лінкявічус прыедзе ў Менск, каб перадаць Лукашэнку запрашэньне на саміт.
XS
SM
MD
LG