Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чулі? Учора імпэратар даў нам свабоду!»

Што канкрэтна значаць гэтыя словы і як цяпер з той свабодай жыць, 18 (паводле новага стылю 30-га) кастрычніка 1905 году ў Менску яшчэ як сьлед не ўяўлялі. То бок уяўлялі адны бальшавікі, якія ніколі не тлумілі сабе галовы лішнімі сумневамі. У горадзе панавала нейкая радасная разгубленасьць. Не ўяўляў пакуль што сэнсу «свабоды» і губэрнатар Павел Курлоў. Гэта што ж выходзіць: я больш не начальнік? — пытаўся ён сам сябе, стоячы перад люстэркам, і не знаходзіў адказу. «Начальнік, начальнік!» — супакойвала яго люстэрка. «Ты на свете всех мілее, всех румяней і светлее». На ўсялякі выпадак Курлоў загадаў вызваліць зь Пішчалаўскага замку некалькі самых спакойных палітычных: можа, гэта і ёсьць свабода? — ну, там разьбярэмся, а будзе трэба, дык назад пасадзім. Адначасова ён правёў паседжаньне з удзелам найвышэйшых паліцэйскіх чыноў, камэнданта вакзалу і начальніка Лібава-Роменскай чыгункі. Было вырашана, што

«...въ случае улічных безпорядковъ в гъ. Мінске іхъ следуетъ немедленно прекратіть, хотя бы даже вооруженной сілою...»

Праўда, пра вызваленьне вязьняў было абвешчана ўжо тады, калі на Віленскім вакзале мітынгавала некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Пачалося ўсё ў станцыйнай залі трэцяй клясы, дзе сабраліся чыгуначнікі, аднак неўзабаве народу ў памяшканьні было ўжо столькі, што давялося перамясьціцца на прывакзальную плошчу. Мітынгоўцы захапілі з сабой стол — але не для таго, каб праламаць ім чэрап губэрнатару, а ў якасьці імправізаванай трыбуны. Запраўлялі мітынгам сьціплы чыгуначны службовец Павел Жаба і чалавек з падазроным прозьвішчам Гамсахурдзі. Жабу давялося пагаварыць асабіста з Курловым — і несанкцыянаваны сход зрабіўся санкцыянаваным. Тут жа разьнеслася вестка пра тое, што Курлоў вызваляе палітзьняволеных. Пачулася ўзьнёслае «ура!», нехта выкрыкнуў «Міліцыя з народам!»...

І тады салдатам быў аддадзены загад страляць. У той дзень менскія моргі і шпіталі ўспомнілі, што значыць ненармаваны працоўны дзень. Каля ста трупаў і трыста параненых — здаецца, менавіта гэта называецца бойняй. Сынонімы: абарона канстытуцыйнага ладу, прадухіленьне масавых беспарадкаў, зачыстка, на стражэ, жэлезам па сьцяклу, навядзеньне парадку на зямлі. Або орднунгу.

Потым Курлоў будзе апраўдвацца, што, па-першае, гэта быў «возмутітельно» палітычны сход, а па-другое, яны, мітынгоўцы, першыя пачалі — маўляў, сталі вырываць ружжы ў салдатаў, якія ахоўвалі вакзал. Патлумачыць, чаму ў такім разе большасьць забітых атрымала кулі ў патыліцы і сьпіны, ён ня змог. Сьледзтва зафіксавала сьведчаньні відавочцаў: загад страляць быў аддадзены ўжо тады, калі народ з плошчы пачаў разыходзіцца. Вось тады, відаць, душа манархіста ня вытрымала, вось тады сэрца гарадавога закіпела крыўдай. Начальнік, начальнік... Люстэрка ня схлусіла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG