Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба ЗША ліміт на дзяржаўны доўг?


Чаму Злучаныя Штаты маюць столь джярждоўгу? І ці сапраўды гэты ліміт на фэдэральныя пазыкі патрэбны, калі ў апошніх гадах ён стаў такім праблематычным у палітычным жыцьці?

Сытуацыю высьвятляў вашынгтонскі карэспандэнт нашага радыё, Рычард Солаж.

Аказваецца, у глябальным кантэксьце ліміт дзярждоўгу, устаноўлены Вашынгтонам, зьяўляецца вельмі рэдкай практыкай. Сярод прамыслова разьвітых краінаў у сьвеце толькі ў адной, Даніі, існуе сыстэма, дзе заканадаўчая ўлада павінна ўхваляць запазычанасьць асобна ад выдаткаў. У большасьці іншых краінаў адпаведным органам выканаўчай улады дадзены шырокія паўнамоцтвы адносна пазычаньня грошай, якія патрэбны для ажыцьцяўленьня расходаў, ухваленых раней заканадаўчым органам.

У некалькіх краінах Эўразьвязу, уключна з Польшчай, прыняты пэўныя абмежаваньні на ўрадавыя пазыкі. Але гэтыя абмежаваньні прывязаныя да памеру эканомікі.

«У Даніі столь дзяржаўнага доўгу заўсёды — не законам, а як бы палітычным кансэнсусам — усталёўваецца ў памеры, які ў некалькі разоў перавышае доўг. Інакш кажучы, у Даніі ніколі не здараецца сытуацыя, каб нейкі ўрад перавысіў гэтую столь. Зусім інакш выглядае справа з гэтым пытаньнем у цяперашнім палітычным жыцьці ЗША» — кажа Джэйкаб Кіркегар, навуковы супрацоўнік Інстытуту міжнароднай эканомікі ў Вашынгтоне.

Ліміт дзяржаўнага доўгу ў ЗША не заўсёды быў прадметам партыйнай палітыкі, як гэта адбывалася ў апошнім часе. Да 1917 году Кангрэс ЗША ўхваляў канкрэтныя крэдыты па меры неабходнасьці. Адзін з такіх крэдытаў, прыкладам, быў зацьверджаны на пабудову Панамскага каналу. Але падчас Другой сусьветнай вайны амэрыканскія заканадаўцы, імкнучыся даць міністэрству фінансаў большую гнуткасьць у дзеяньні, адмовіліся ад такога падыходу і перайшлі да сыстэмы, у якой вызначаецца сукупны ліміт на запазычанасьць.

З таго часу столь дзярждоўгу наогул працягвае расьці. Паводле дадзеных міністэрства фінансаў ЗША, з 1960 году Кангрэс 78 разоў вырашаў пытаньне павышэньня гэтай столі, працягу яе дзейнасьці або перагляду самога вызначэньня ліміту запазычанасьці.

Цяперашняя мяжа для фэдэральнай запазычанасьці складае каля 75% валавога ўнутранага прадукту ЗША.

У апошнія некалькі гадоў апазыцыйныя рэспубліканцы зрабілі пытаньне павышэньня ліміту запазычанасьці залежным ад скарачэньня выдаткаў і ад іншых зьменаў у палітыцы ўраду. Гэты рычаг уплыву апазыцыі на палітыку ўраду аказаўся даволі эфэктыўным.

«На жаль, верагоднасць таго, што столь доўгу будзе адменена, вельмі, вельмі малая. Палітычныя партыі вельмі рэдка адмаўляюцца ад свайго палітычнага ўплыву» — лічыць Джэйкаб Кіркегар.
XS
SM
MD
LG