Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Цэнтры імя Людвіка Замэнгофа ў Беластоку адбудзецца прэзэнтацыя новай кніжкі журналісткі Ганны Кандрацюк зь Беластоку. Кніжка мае загаловак «Białoruś. Miłość i marazm». Выхад гэтага выданьня стаў нагодай для размовы з аўтаркай.

Біяграфічная нататка

Ганна Кандрацюк (Anna Kondratiuk-Świerubska) нарадзілася ў вёсцы Катлоўка (падляскае: Kutłôvka) у гміне Нарва на Падляшшы. Закончыла Варшаўскі ўнівэрсытэт. Ад 1993 году працуе ў беларускім тыднёвіку «Ніва» ў Беластоку. Раней выдала тры кніжкі: «W stronę Tarasiewicza» (два выданьні, у 2002 і 2004); «Царская Трызна (2007); «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.» (2010). Яе кніжка «W stronę Tarasiewicza», у якой яна адкрыла шырэйшай публіцы постаць польскага кампазытары беларускага паходжаньня Яна Тарасевіча, стала інсьпірацыяй для міжнароднага фэстывалю імя Яна Тарасэвіча, які сёлета быў арганізаваны Падляскай опэрай і філярмоніяй у Беластоку. Акрамя чатырох кніжак яна выдала ў 2005 годзе кампакт-дыск з запісам старых падляскіх песьняў і аповедаў пад назвай «Žuryłasie Kateryna». Безупынна ад 1995 году Ганна Кандрацюк вядзе журналісцкія курсы «Сустрэчы Зоркі» для дзяцей, зь якімі супольна рэдагуе дзіцяча-моладзевую старонку «Зорка» ў тыднёвіку «Ніва».

Ян Максімюк: Ганна, кніжка «Беларусь. Любоў і маразм» — гэта выключна пераклады тэкстаў, якія ты раней напісала па-беларуску, ці ўсё ж ёсьць там нешта, напісанае табою па-польску?

Ганна Кандрацюк: Я дадала крыху матэрыялу на польскай мове да таго, што раней напісала па-беларуску. Можна сказаць, я перапісала гэтыя рэпартажы па-польску зь сёньняшняга пункту гледжаньня. Я выкінула некаторыя фрагмэнты з газэтных вэрсіяў маіх рэпартажаў, палічыўшы, што яны «перагрузяць» кніжнае выданьне.

Максімюк: Але, агульна кажучы, усе гэтыя тэксты ў такой ці іншай вэрсіі публікаваліся раней у «Ніве»?

Ганна Кандрацюк

Ганна Кандрацюк

Кандрацюк: Так. Я напісала і апублікавала ў «Ніве» восем цыклаў рэпартажаў зь Беларусі. Калі мне запрапанавалі выдаць кніжку пра Беларусь па-польску, я заглянула ў свой першы цыкл і ўзяла тэксты выключна зь яго. Шкада было нешта адтуль выкідаць. Патрабаваньне было, каб я дала ў кніжку 20 тэкстаў, і амаль усе яны з таго часу, зь першай маёй паездкі ў Беларусь...

Максімюк: А калі гэта было?

Кандрацюк: Гэта было ў 1999-2000 гг.

Максімюк: А куды ты тады паехала? Назаві хоць некалькі мясьцінаў, пра якія можна прачытаць у тваёй найноўшай кніжцы...

Кандрацюк: Горадня, Слонім, Семежава, Ліда, Гальшаны, Наваградак...

Максімюк: Калі ты ехала ў Беларусь, ты ведала загадзя, пра што будзеш пісаць і з кім сустракацца, ці ўсё было справай большай ці меншай выпадковасьці?

Кандрацюк: Тады яшчэ не было нейкіх канкрэтных даведнікаў па Беларусі, таму здабываньне інфармацыі і матэрыялу заключалася наогул у тым, што калі ты патрапіш да нейкага канкрэтнага чалавека, дык даведваесься ад яго, куды і да каго варта ехаць далей. Карацей, вялікая роля ў гэтым усім была адведзена журналісцкаму шчасьцю і ўдачы, гэта значыць, выпадковасьці. Але я сказала б, што гэта была добрая выпадковасьць. Я зрабіла матэрыял з ксяндзом Войцехам Леманскім, які тады быў прыехаў у Беларусь усяго два тыдні, каб наведаць сваіх старых парафіянаў. І я якраз натрапіла на яго, і ён мне распавёў, як быў у тых мясьцінах сьвятаром сем гадоў. І яшчэ другая добрая выпадковасьць — мне тады пашанцавала сустрэцца і зрабіць матэрыял з ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім, які памёр у 2001 годзе...

Максімюк: Хто выдавец тваёй кніжкі?

Кандрацюк: Фонд «Суседзі» зь Беластоку. Да гэтага часу яны выдавалі кніжкі па гісторыі Беластоку. Мая кніжка адкрывае іхную новую сэрыю, прысьвечаную «літаратуры факту».

Ян Максімюк

Ян Максімюк

Максімюк: У тваёй кніжцы вельмі харошы загаловак, які адразу зьвяртае ўвагу на выданьне. Што значаць гэтыя маркеры «любоў» і «маразм» у загалоўку?

Кандрацюк: Гэта можна растлумачыць на прыкладзе мястэчка Семежава, пра якое я пішу ў адным рэпартажы. Там мы згадваем сюжэты, зьвязаныя са Слуцкім паўстаньнем. Быў час, калі людзі з таго мястэчка і ваколіцы ў адным вялікім патрыятычным парыве ўзьняліся на змаганьне за свабоду і ідэалы, і быў час, калі потым усе тыя памкненьні і парывы былі зьнішчаныя. Калі зьнішчаецца любоў і высокія пачуцьці, нічога вартага не застаецца. Першае, што кідаецца ў вочы, калі прыяжджаеш у Семежава — гэта вялікія пакуты. Разам зь людзьмі пакутуе там прырода; агульны боль, калі можна так сказаць, відаць там у дрэвах і краявідзе... Якраз у гэтым Семежаве я адчула атмасфэру поўнай прыгнечанасьці... Калі забіваюць любоў і высокія ідэалы, людзі скочваюцца ў маразм, у адну масу бяз волі. Як быццам чалавек і хоча кудысьці ісьці, але ня ведае, у які бок падацца і што яго там чакае...

Максімюк: Ганна, вось і ты, як раней нашы Міра Лукша і Міхась Андрасюк, выдала кніжку па-польску. Людзі, якія ў нас на Падляшшы могуць яшчэ напісаць нешта талковае па-беларуску, выдаюць польскамоўныя кнігі. Гэта што — выпадковасьць ці тэндэнцыя? Няма ўжо попыту на беларускамоўныя кнігі?

Кандрацюк: Мне хацелася б зь беларускай тэмай выйсьці да шырэйшага кола чытачоў, а я ўжо бачыла, як такі выхад адбываецца ў нас у выпадку беларускамоўнай кнігі. Мая кніжка па-беларуску нікога надта не зацікавіць, нават калі людзі атрымаюць яе задарма. Я ня ўпэўненая, што яе наогул прачытаюць, бо пасьля выхаду беларускамоўнай кніжкі няма ніякай размовы з чытачамі, няма ніякага рэзанансу. Я ўжо не кажу пра такія рэчы, як прамоцыя выдадзенай кніжкі сярод чытачоў ці нейкая іншая падтрымка. Усё нібыта робіцца правільна, беларускамоўныя кніжкі выдаюцца дзеля падтрыманьня беларускасьці, але водгуку з боку беларусаў — ніякага.

Максімюк: Сумна, але дакладна такія самыя назіраньні і ў мяне. А вось што ты думаеш пра пастулят, што нам, каб пазьбегчы культурнай і моўнай палянізацыі, варта было б пачаць пісаць па-падляску. Па-падляску гавораць каля 70% нашых патэнцыяльных чытачоў, падляскіх беларусаў. Табе ня рупіла напісаць кнігу па-падляску?

Кандрацюк: Гэта мая мара ад пачатку жыцьця. Як ведаеш, я запісала свае песьні і легенды па-падляску. І ты таксама добра ведаеш, што калі пісаць па-падляску, дык трэба ўсё ствараць ад асноў. І сябе, як аўтара, трэба ствараць ад асноў. І я яшчэ баюся, што калі напішу такую кніжку па-падляску, яна таксама будзе толькі для мяне і, магчыма, яшчэ для пяці чалавек, якія ведаюць мяне і падляскую гаворку... А так наогул, дык ніхто мне не рабіў такой прапановы, каб я стала пісаць па-падляску...

Максімюк: Лічы, што я табе зрабіў такую публічную прапанову :) А з чытачамі, прынамсі патэнцыяльнымі, сытуацыя не выглядае так трагічна, як табе думаецца. У супольнасьці Howorymo po swojomu ў фэйсбуку, якая хоча ўваскрэсіць падляскія гаворкі ў пісанай форме, зараз 4,5 тысячы прыхільнікаў. Нават калі дапусьціць, што палова з гэтых прыхільнікаў — палякі, якія зацікаўленыя выключна нашай падляскай моўнай экзотыкай, то 2 тысячы іншых — гэта напэўна нашы маладыя падляшукі, якія чулі падляскую мову ад сваіх бацькоў і дзядоў і маюць зь ёю моцную эмацыянальную сувязь. Дзьве тысячы патэнцыяльных чытачоў — гэта ж сіла! Я б не сказаў, што наша сьмерць па Падляшшы — гэта ўжо вырашанае пытаньне... Значыць, ёсьць попыт на тэксты па-падляску. Пытаньне толькі — хто напіша? Калі ня ты, дык хто? Калі ты ўмееш пісаць кнігі па-беларуску і па-польску, дык якая праблема напісаць табе наступную па-падляску?

Кандрацюк: Мне трэба падумаць... Я цяпер працую над адной, як мне здаецца, патэнцыяльна цікавай тэмай. Пішу рэпартаж пра «сьвятога», які прыехаў да нас на Падляшша з Казахстану... Зразумела, мне хацелася б напісаць гэта па-падляску, бо мае героі так гавораць... Хацелася б, каб у рэпартажы загучалі іх аўтэнтычныя галасы. Усё нібыта проста, але адначасова і вельмі складана. Я мушу прызнацца, што ў Беластоку я не знайшла падтрымкі для таго, каб пісаць менавіта так...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG