Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньняшняга дня і па 28 кастрычніка ў Менску будзе працаваць місія Міжнароднага валютнага фонду.

Яе экспэрты правядуць чарговы постпраграмны маніторынг стану беларускай эканомікі. Сваю справаздачу місія прадставіць радзе выканаўчых дырэктараў МВФ. Назіральнікі ўпэўнены, што беларускія ўлады чарговы раз будуць прасіць у МВФ шматмільярдны крэдыт.

Экспэрты фонду на чале з Дэвідам Гофманам традыцыйна пазьбягаюць рабіць любыя высновы да заканчэньня свайго візыту. У менскім аэрапорце кіраўнік місіі заявіў:

«Дадзены візыт дасьць магчымасьць абмеркаваць з уладамі краіны тую палітыку, якую яны маюць намер правесьці ў наступны час. Насамрэч у нас вельмі добрыя дачыненьні з урадам Беларусі, Нацыянальным банкам. Мы бачыліся нядаўна ў Вашынгтоне.

Па завяршэньні працы місіі, 28 кастрычніка, мы ацэнім эканамічную палітыку ўраду. І гэта будзе поўная карціна. Пакуль жа я не хачу рабіць заўчасных высноваў».

Ні спадар Гофман, ні прадстаўніцы менскага офісу МВФ ня кажуць, ці будзе на гэтых перамовах абмяркоўвацца пытаньне новага крэдыту для Беларусі.

А вось кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў упэўнены, што пра гэта размова пойдзе абавязкова. Сваю думку ён абгрунтоўвае так:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«У той праграме дзеяньняў, якую зацьвердзілі Нацбанк і ўрад 10 кастрычніка, ёсьць пункт — пачаць перамовы з МВФ. Значыць, прасіць будуць.

Але яны стварылі такі сьпіс мерапрыемстваў па паляпшэньні сытуацыі ў эканоміцы, што наўрад ці МВФ пад яго нешта дасьць. Там няма рынкавых рэформаў. Там прапісаныя тыя ж камандныя мэтады. І адзінае, што можа прыцягнуць увагу экспэртаў фонду, гэта прыватызацыя на 4,5 мільярда даляраў. Але ж там напісана — прасіць прэзыдэнта правесьці ў наступным годзе прыватызацыю. І ня болей за просьбу. А я памятаю, як нехта з прадстаўнікоў МВФ раней заяўляў: для таго, каб пачаць перамовы, трэба мець праграму, якую падпісаў сам прэзыдэнт. А тое, што напісана ў пляне „прасіць прэзыдэнта“... Гэта іх не хвалюе».

Беларускія ўлады будуць прасіць МВФ аб крэдыце сама меней у тры мільярды даляраў, — лічыць прафэсар Барыс Жаліба:

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«Заўсёды апошнім часам крэдыты для Беларусі былі ў такім памеры. МВФ спачатку крэдытаваў на два мільярды даляраў, пасьля дадаў яшчэ амаль паўтара. Расея праз Антыкрызісны фонд таксама дала гэткія ж грошы. І менавіта такія крэдыты — па тры мільярды на тры гады, — як паказвае эканамічная практыка, дазваляюць нам трымацца на паверхні вады. Таму мінімум тры мільярды. Меней — не ўратуюць».

«Ці ўплывае на рашэньні выканаўчых дырэктараў МВФ палітычная сытуацыя ў той ці іншай краіне?» Гэтае пытаньне, я памятаю, задаюць калегі-журналісты літаральна на кожнай прэсавай канфэрэнцыі экспэртам місіі. І кожны раз адказ гучыць аднолькава: «Не, не ўплывае, бо МВФ — не палітычная арганізацыя».

«Гэта, вядома, так, але некаторыя нюансы і тут трэба ўлічваць», — адзначае палітоляг Андрэй Ягораў:

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

«МВФ — міжнародная структура, якая ўваходзіць ва ўсясьветнае разьмеркаваньне ўладаў. І, натуральна, яна мае пэўныя палітычныя інтарэсы, але ў такім агульным сэнсе.

Па-другое, эканамічныя рашэньні, якія прымае МВФ, могуць быць зьвязаныя і з шырокай лёгікай — напрыклад, падтрымкай стабільнасьці ў нейкім рэгіёне. І тады за гэтым часам таксама могуць стаяць пэўныя палітычныя інтарэсы.

Па-трэцяе, у кіроўнае праўленьне МВФ уваходзяць розныя краіны. І некаторыя зь іх, напрыклад, ЗША, краіны Эўразьвязу, маюць магчымасьць уплываць на рашэньні МВФ. Таму ў гэтым сэнсе палітыка там прысутнічае».

Цяперашні візыт місіі МВФ стане пятым, калі весьці адлік, пачынаючы з завяршэньня ў 2010 годзе праграмы стэнд-бай для Беларусі. Па гэтай праграме Беларусь атрымала крэдыт 3,4 мільярда даляраў.
XS
SM
MD
LG