Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Палац незалежнасьці пабудаваны не за бюджэтныя грошы


Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Магілёў заявіў, што рыхтуецца прыняць сваіх калегаў на саміце СНД у новым будынку Палаца незалежнасьці ў Менску і падорыць ім падарункі з нацыянальным калярытам.

Лукашэнка пацьвердзіў, што заплянаваны на 24–25 кастрычніка саміт кіраўнікоў краін СНД пройдзе ў новым будынку Палаца незалежнасьці, які ў сукупнасьці з Плошчай дзяржаўнага сьцяга і Нацыянальным выставачным цэнтрам ёсьць «сымбалем краіны».

«Палац незалежнасьці — гэта не рэзыдэнцыя прэзыдэнта, там будзе адзін прэзыдэнцкі кабінэт», — сказаў Лукашэнка, патлумачыўшы, што палац у асноўным будзе выкарыстоўвацца для ўрачыстых мерапрыемстваў і прыёму гасьцей.

«Ён будзе адкрыты для народа», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён зазначыў, што Палац незалежнасьці «зроблены нашымі людзьмі, на 90% — з нашых матэрыялаў. Мы зрабілі там сапраўдную «красацішчу», — цытуе Лукашэнку Інтэрфакс.

Пры гэтым агенцтва дадае, што Лукашэнка заявіў: пры будаўніцтве Палаца незалежнасьці не было выдаткавана «ніводнага бюджэтнага рубля» .

У прэсавай службе Лукашэнкі пакуль не ўдаецца ўдакладніць, што ён меў на ўвазе і на якія сродкі насамрэч будаваўся Палац незалежнасьці. Афіцыйнай інфармацыі пра кошт будаўніцтва таксама няма. Незалежныя экспэрты ацэньваюць кошт матэрыялаў і будаўнічых працаў сама меней у 200 мільёнаў даляраў.

Экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч гэтак адрэагаваў на заяву Лукашэнкі пра небюджэтныя сродкі на будоўлю палаца:

«Можа, хабары браў? Я кажу сур’ёзна. Верагодна, ён браў нейкія паборы зь бізнэсу, прыбліжанага да ўлады. Іншых крыніц ня можа быць. Фактычна гэта хабар зь бізнэсу за нейкія льготы, якія ён атрымаў. На гэтыя грошы ўлада і пабудавала палац для сябе. Усе рэзэрвовыя фонды, якімі законна можа распараджацца Лукашэнка, — бюджэтныя».

Станіслаў Багданкевіч перакананы, што такія палацы можа дазволіць сабе толькі багатая краіна:

«Гэта марнатраўства, што тут казаць. У цывілізаваных краінах зьнешні выгляд гарадоў вызначае бізнэс, а ў нас — адміністратыўныя збудаваньні. Такія палацы можна будаваць, калі ёсьць лішак рэсурсаў, а калі іх не хапае, калі нізкія заробкі, больш за палову тых, хто працуе, атрымліваюць каля 300–350 даляраў, то грошы трэба накіроўваць для падтрымкі ўзроўню жыцьця насельніцтва, у школы, бальніцы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG