Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голыя на Алімпіядзе


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Меншы брат заўжды зайздросьціць і раўнуе да большага. Вечна карціць яму нешта давесьці, каб зьвярнуў увагу, ацаніў цябе. Ты ў падводнай лодцы быў, ты са дна амфары даставаў? А мы ў шахту! А ты ў шахту ні нагой! Як жа: усё завалы, аварыі, а ў нас пад зямлёю парадак, як і на зямлі.

Але старэйшаму брату цяпер не да малодшага. Ну, пабразгалі зброяй разам, паказалі строгі твар Захаду, трэба пасьміхнуцца зьлёгку: «О, спорт, ты – мір!» А паходня, трасца на яе, увесь час гасьне! Апошнім разам, здаецца, было паведамленьне, што дзевяць разоў задзьмувала. А можа інфармацыя састарэла. У любым разе Расея вялікая, да Сочы вельмі далёка, усё яшчэ можа здарыцца. А пакуль гуляюць анэкдоты: «У навінах сэнсацыя дня: сёньня ніводная алімпійская паходня не пагасла!» Цяпер расейцы занепакоеныя, каб са сьнегам у Сочы быў парадак, бо ўсё ж субтропікі. Жартуюць: урад абвяшчае тэндэр на правядзеньне зімы ў Сочы ў 2014-м.

Меншым братам на кепікі няма часу. Не чакаючы ўказаў, у канструктарскіх бюро рукі самі робяць першыя накіды новай, надзейнай паходні. З арнамэнтам, беларускай! У беларуса ўсё круціцца, усё шаволіцца! У паходні гэтай будуць некалькі балёнікаў з газам і трубак фаерчатых. Адну раптам задзьмула, другая: лёгкім рухам пальцаў рукі запальваецца. Беларуская паходня, яна нязгаснай будзе!

Алімпіяда, гэта, канечне, мерапрыемства сусьветнага маштабу, хакейны чэмпіянат пасьля яе ў нашым горадзе-героі можа зусім не прагучаць, як хацелася б! А тут гэтыя яшчэ ваду муцяць, плявузгаюць. Усё ім ня так! Як дрэннаму танцору вечна муляе нешта, перашкаджае! У нас ужо тавары выйшлі з сымболікай, дробязь розная нават: сурвэткі, рулькі і гэтак далей! Рукі сьвярбяць у палітыканаў напсаваць, як некалі Маскоўскай алімпіядзе. Калі паспрабуюць, мы папросім Уладзімера Ўладзімерыча: хай наступную нам дадуць, меншым братам, хай паспрыяе! Ён на гэтым сабаку зьеў.

Ня трэба забываць, што горад-герой мае сякі-такі алімпійскі досьвед: не зусім правінцыя! Права маем. Хай ня самыя важныя, але футбольныя матчы на «Дынама» ўлетку 1980-га праходзілі. О, студэнцкія гады! Успамінаецца, што закулісныя «алімпійскія» навіны як праз сапсаваны тэлефон нам данёс наш прафэсар, былы кулямётчык, які не цярпеў «інсынуацый і правакацый». Дзякуючы яму, мы ведалі аб тым, аб чым не пісалі газэты. Што футбалісты, здаецца, сырыйскай зборнай «пачалі бузіць». Не спадабаўся гатэль для інтурыстаў: што сьняданак у нумар не падаюць і што жанчынамі «вядомых паводзінаў» не забясьпечваюць! Але ж у нас такіх і ў паміне няма! Дзе іх узяць! – крыўдаваў стары прафэсар.

Пра Маскву навіны яшчэ цікавейшыя былі. «З мэтай зьдзяйсьненьня правакацыі» (а як жа інакш! Ня дзеля прыколу ж, калі халодная вайна не спынялася навокал!) адна парачка ў цэнтры сталіцы каля фантану раптам разьдзелася, застаўшыся «ў чым мама нарадзіла». У прафэсары драмаў паэт, ён удакладняў: «Яна – у касьцюме Вэнэры Мілоскай, ён – у касьцюме Апалёна Бэльвэдэрскага». «Але тут з усіх бакоў набеглі людзі ў цывільным і забралі іх куды трэба». Правакацыя не ўдалася! Дарэчы, такія пэрлы ў памяці толькі й засталіся ад прафэсара і яшчэ тое, што пра Леніна расказваць любіў.

Да зімовай алімпіяды мы лепш падрыхтаваныя: субтропікаў няма, сьнег будзе – кроў з носу. Сьнежная артылерыя па камандзе накрывае асобныя сэктары горада-героя, як ня раз ужо здаралася ў ніякаватыя палітычныя моманты. Хакей і канькі – калі ласка – у палацы нашы! Гарналыжныя трасы ў наяўнасьці, хай гор няма. Каля Аўгустоўскага каналу яшчэ адну сплянавалі.

Не, мог бы ўсё-ткі той Уладзімер Уладзімерыч хаця б гэтую Алімпіяду падзяліць на дзьве часткі нашай «саюзнай дзяржавы», інакш толькі на паперы яна дзяржава, калі кожны коўдру на сябе толькі цягне! Леанід Ільліч, той футболу не пашкадаваў для Менску, на «Дынама» грошай падкінуў, рэканструкцыю зрабілі. Хоць лішніх не было, «інтэрнацыянальны доўг» у Афганістане не халявай абярнуўся.

Шкада, ня думае пакуль старэйшы брат пра меншага, хоць бы хакеем падзяліўся на худы канец… (Як палякі з украінцамі летась падзялілі футбольны чэмпіянат Эўропы, правялі супольна). Бо над чэмпіянатам нашым хмары-ня хмары, але нейкая дрэнь зьбіраецца ў небе. Няма пакуль яснага сонца, якое загляне ў наша ваконца. А мы ж таксама людзьмі звацца ня супраць... А правакацый ад «Апалёна Бэльвэдэрскага з Вэнэрай Мілоскай» нам баяцца няма чаго: зіму маем як зіму. Хаця, можа й бегалі голыя некалі, і дыскі шпурлялі і дзіды, але то была старажыная Грэцыя, вінаграднікі навокалі і цытрусавыя на дрэвах.

Аднак спытай мы сёньня ў старэйшага брата наконт Алімпіяды, ён бы раздражніўся. Балючая справа! Тым больш, каб мы паказалі на пальцах, што зрабілі б у дзесяць разоў таньней. На адных паходнях эканомія б атрымалася. Старшаму брату заманулася абабегчы з агнём алімпійскім 2900 гарадоў і мястэчак, 65 тысяч кілямэтраў! 14 тысяч удзельнікаў, і кожнаму па паходні! Амаль пяцьсот баксаў каштуе адна. Нават у савецкія часы такой «шырыні рускай душы» не афішавалі, 6200 толькі паходняў зрабілі.

У нас райцэнтраў сотня зь лішкам, адлегласьці – ніякага параўнаньня, сапраўды нязначны кавалак зямлі, як наракае часам начальства. Плюс паходні можна падзараджаць! З агнём алімпійскім калі справы мець, лепей ня мець тундры, тайгі, мерзлаты і стэпу. Але пакуль: ні Нобэльскай прэміі нам, ні Алімпіяды, толькі камні ў агарод.

Што датычыць той савецкай алімпійскай паходні, у мяне здымак бегуна ў руцэ зь ёю атрымаўся. Зрабіў «Зэнітам», толькі праслухаўшы на журфаку курс фотасправы ад былога менскага падпольшчыка Бегуна. Здымак зроблены паміж цэнтральным унівэрсамам і «бульённай» «Хвілінка», пра якую цяпер у нас раманы пішуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG