Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест беларускай бібліятэкі хочуць зрабіць расейскую царкву


Бібліятэка ў Чамярах
Бібліятэка ў Чамярах

Жыхары вёскі Чамяры Слонімскага раёну выступілі з пратэстам супраць плянаў уладаў закрыць іх бібліятэку, якая была заснаваная сялянамі ў 1927 годзе і носіць імя Якуба Коласа.

Раённае начальства не ідзе на кампраміс, кажа, што грошай на ўтрыманьне бібліятэкі няма.

З будынка бібліятэкі ў Чамярах, што недалёка ад Слоніма, ужо вывозяць кнігі. Учора да жыхароў вёскі прыяжджаў старшыня райвыканкаму і супрацоўнікі аддзелу культуры. Вось што пра гэтую сустрэчу распавядаюць чытачы бібліятэкі.

Спадарыня: «Наш начальнік (старшыня райвыканкаму) кажа ўчора людзям: „А вы хіба тут нешта чытаеце...“ Прычым гэта з такой ухмылкай».

Дадае спадарыня, якая зь ім размаўляла:

«Ён сваім учынкам уразіў ня толькі мяне, а іншых, хто любіць чытаць. Маўляў, мы ня будзем утрымліваць бібліятэку. Я адразу была ў шоку, бо думала, мы нешта распавядзём... Я цяпер не ўяўляю, як вышэйшыя ўлады дапускаюць такога чалавека кіраваць іншымі. Хіба яму можна нешта даверыць?»
Канец «чароўнаму казачнаму сьвету»
Канец «чароўнаму казачнаму сьвету»

Яшчэ адна чытачка кажа, што ў вёсцы заставаўся толькі адзін культурны цэнтар — гэта бібліятэка. Яшчэ раней зачынілі лазьню, ФАП. Транспарт да гораду таксама ходзіць дрэнна:

«Па-першае, у ёй тут вельмі вялікі выбар кніжак, і клясыка ўся ёсьць, а мы людзі такога ўзросту, што любім перачытаць. Мы кожны тыдзень прыходзім сюды».
Чытачкі
Чытачкі

Спадарыня: «Часам пэнсіі нестае, то прыходжу, гляджу газэту, праграму бяру. Бібліятэкарка вось выпісала за свае грошы часопіс „Планета“, і мы бяром, карыстаемся. Мы хоць старыя людзі, а цікаўныя».

Іншая спадарыня: «Ну, не паміраць жа нам, мы ж яшчэ жывыя, нам хочацца разьвівацца, цікавіцца тым, што адбываецца ў сьвеце і, канешне, мець нейкае сумоўе».

А вось спадарыня апавядае, што яе дзеці вучацца ў гарадзкой школе, але ў бібліятэку ходзяць сюды, і гэта ім зручна, бо могуць узяць любую кніжку, а таксама падрыхтаваць урокі:

«Дзеці сюды пастаянна ходзяць. Нават калі бібліятэкар на бальнічным, то яна адчыняе ім. І мы таксама ходзім, бяром кніжкі. Дзеці рыхтуюцца і да экзамэнаў, і да алімпіядаў, бо ў школе нестае кніжак».
Зь бібліятэкі выносяць кнігі
Зь бібліятэкі выносяць кнігі

Спадарыні кажуць, што з сваёй праблемай зьвярталіся ў раёнку, а таксама ў рэспубліканскія газэты, але ніхто нічога не адказаў:

«Як толькі пачнеш праблему падымаць, адразу кажуць, што бедны бюджэт, і пачынаюць скарачаць з культуры. Вось табе і „прыгажосьць уратуе сьвет“. Па подыюму даўганогіх прыгажунь вадзіць — гэта іншае. А калі памірае вёска — і людзі ў ёй нікому не патрэбныя. Яны аддалі жыцьцё на росквіт гэтай дзяржавы — і аказаліся нікому не патрэбныя. Вось і ўсё».

Яшчэ адна спадарыня дадае:

«Мы толькі патрэбныя тады, калі ідуць выбары. Тады яны пад’яжджаюць пад кожную хату на машынах і не пытаюць, хочаш ты ці ня хочаш, а выбірай таго, каго яны самі выбралі. Вось і ўсё. А пра нас ніхто ня дбае. І калі чалавек прыходзіць у бібліятэку, то яе абавязкова трэба закрыць».
Бібліятэку зьвезлі
Бібліятэку зьвезлі

Чытачы ў Чамярах мне апавялі, што ў бібліятэку ходзіць каля 300 чалавек, у тым ліку 60 дзетак. Бібліятэка была заснаваная ў 1927 годзе, за Польшчай, падпольна. Падпольна жыхары вёскі хавалі кнігі і падчас Другой усясьветнай вайны. Маўляў, усё перацярпелі, а вось цяпер ня выстаялі.

16 кастрычніка вяскоўцы правялі сход у памяшканьні бібліятэкі і выказалі пратэст супраць плянаў закрыць бібліятэку, а ў яе памяшканьні адкрыць прыход Расейскай праваслаўнай царквы.

Мясцовыя ўлады заявілі, што на ўтрыманьне бібліятэкі няма сродкаў. Вяскоўцы абурыліся, пабачыўшы, на якой дарагой машыне на сход да іх прыбыў старшыня Слонімскага райвыканкаму Ёсіф Паўлюкевіч.

Сярод іншага кіраўнік слонімскай вэртыкалі заявіў вяскоўцам: «Гэта неабгрунтаванае выкарыстаньне грашовых сродкаў... Тут бібліятэка не патрэбная сто гадоў».

«Свабода» папрасіла пракамэнтаваць сытуацыю слонімскага літаратара і краязнаўцу Сяргея Чыгрына.

Сяргей Чыгрын
Сяргей Чыгрын
«Ёсьць загад аблвыканкаму. Паводле плянаў уладаў у кожным раёне Гарадзенскай вобласьці павінны штогод закрываць ад 2 да 5 бібліятэк. Вось чаму да канца году павінна закрыцца і славутая Чамяроўская бібліятэка імя Якуба Коласа, заснаваная ў 1927 годзе. Яшчэ адна бібліятэка, заснаваная сялянамі ў той жа час, Кракоцкая, насіла імя Янкі Купалы, яна ўжо закрытая, і вось чарга дайшла да Чамяроўскай бібліятэкі. Дырэктар раённай бібліятэчнай сыстэмы патлумачыла мне, што іншага выйсьця няма, што вельмі мала чытачоў. Паводле маёй інфармацыі, бібліятэкі застануцца толькі ў аграгарадках».

Карэспандэнт: «Але людзі ў Чамярах выступілі супраць».

Чыгрын: «Гэта вельмі пазытыўна. Гэта адбылося ўпершыню на Слонімшчыне. Іншыя бібліятэкі закрываліся ціха. А тут чамяроўцы выступілі. Чамяры — гэта вялікая вёска, тут шмат дачнікаў. Людзі незадаволеныя, бо яны прыходзяць у бібліятэку і па кнігі, і каб скарыстацца кампутарам і інтэрнэтам. Чамяры — гэта ўвогуле вёска даволі актыўная з 20–30-х гадоў, палітычная вёска, і змагарныя традыцыі застаюцца. Людзі выказваюць пратэст, і я да іх далучаюся на 100 працэнтаў.

У 1927 годзе і ў Вялікай Кракоцы, і ў Чамярах адкрылі гэтыя бібліятэкі. Кнігі прывозілі зь Вільні многія хлопцы і дзяўчаты, якія вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі, кожны раз, як ехалі. Іх паліцыя затрымлівала, забірала кнігі, але ўжо ў 20–30-х гадах гэтыя бібліятэкі налічвалі больш за тысячу асобнікаў. Бібліятэкі існавалі, нягледзячы на войны і рэпрэсіі. А цяпер, калі ў нас незалежная дзяржава, калі павінна зьберагацца родная кніга, зьнішчаюцца гістарычныя бібліятэкі».

Карэспандэнт: «Будынак Чамяроўскай бібліятэкі хочуць аддаць праваслаўнай царкве...»

Чыгрын: «Я хоць і праваслаўны вернік, але хачу сказаць, што ў нас занадта ахвотна працягваюць традыцыі мураўёўшчыны, які будаваў гэтыя „цыбуліны“, каб адурманіць беларускае насельніцтва расейшчынай. На кожнай кропцы нешта будуецца праваслаўнае, там ідзе прапаганда расейскай мовы, абароны інтарэсаў Расеі, там не прадаецца ніводнага даведніка, ніводнай праваслаўнай кнігі на беларускай мове. На мінулых выходных я быў на праваслаўным канцэрце да сьвята Дня маці, усё там было па-расейску, усё ў абарону расейскай гісторыі, расейскіх салдат. Гэта невыпадкова. Навошта ім, каб была беларуская бібліятэка, дзе шмат беларускіх кніг, працэнтаў 70? Яны на яе месцы хочуць зрабіць чарговы куток Расейскай праваслаўнай царквы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG