Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Anonymous апублікаваў дакумэнты польскай амбасады ў Менску


Сярод іншага выкрытыя асабістыя зьвесткі беларусаў, якія зьвярталіся па візы, пляны памяшканьняў, дакумэнты польскіх фірм.

Міжнародная група хакераў выкрала больш за 500 дакумэнтаў Міністэрства гаспадаркі Польшчы, прычым у значнай ступені гэтыя дакумэнты паходзяць з польскай амбасады ў Менску.

Асоба, якая зьяўляецца верагодным узломшчыкам, сьцьвярджае, што амбасада Польшчы ў Менску выбраная аб’ектам атакі ў сувязі зь яе ангажаваньнем у прамысловы шпіянаж і ў дзейнасьць на карысьць Польскага антыкарупцыйнага бюро. Называецца нават прозьвішча дыплямата, які асабіста гэтым займаецца, паведамляе партал wp.pl.

Адзін з дакумэнтаў сьведчыць пра дачыннасьць амбасады да міжнародных акцыяў супраць адмываньня брудных грошай.

Аднак ёсьць сярод апублікаваных і дакумэнты, зьяўленьне якіх можа несьці шкоду дзяржаўным і асабістым інтарэсам.

Сярод іншага гэта асабістыя зьвесткі грамадзян, якія падавалі заяўкі на атрыманьне польскіх візаў, пляны памяшканьняў амбасады, інфармацыя пра польскія фірмы, якія дзейнічаюць у Беларусі.

«Цяжка ацаніць, якую шкоду нанесла гэтая публікацыя Польшчы і якія з гэтых дакумэнтаў могуць быць карысныя, напрыклад, для беларускіх спэцыяльных службаў», — піша польскі інтэрнэт-рэсурс.

Прадстаўнік амбасады Польшчы ў Менску з гэтай нагоды сказаў карэспандэнту Свабоды, што ведае пра хакерскую атаку, аднак камэнтаваць сытуацыю адмовіўся.

Міністэрства гаспадаркі Польшчы ў паведамленьні на сваім сайце зазначыла з гэтай нагоды, што «былі зробленыя засьцерагальныя захады з нагоды інфармацыі пра магчымую публікацыю інфармацыі аддзелаў падтрымкі гандлю і інвэстыцый». Ведамства запэўніла, што праводзіць цяпер праверку і аналіз сапраўднасьці апублікаваных матэрыялаў.

Група Anonymous прадстаўляе сябе як міжнародны рух інтэрнаўтаў за свабоду перадачы інфармацыі без увагі на аўтарскія правы і на захады бясьпекі, якія робяцца ў розных краінах.
XS
SM
MD
LG