Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пампаваць клясыку прапануюць у аўтобусах


Сябры Маладога Фронту зьвярнуліся да кіраўніцтва Менсктрансу і «Салігорскага аўтобуснага парку № 1» з прапановай распачаць кампанію папулярызацыі беларускай літаратурнай клясыкі.

Актывісты моладзевай арганізацыі прапануюць разьвесіць у аўтобусах плякаты з QR-кодамі, пры дапамозе якога можна спампаваць электронныя варыянт кнігаў.

Дызайн і друк плякатаў маладафронтаўцы абяцаюць зрабіць самастойна. Ад кіраўніцтва аўтапарка просяць толькі месца для рэклямы ў грамадзкім транспарце.

Намесьнік старшыні Маладога Фронту Іван Шыла ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што для запампоўкі могуць быць даступныя кнігі, пасьля сьмерці аўтара якіх мінула 75 гадоў. Менавіта ў гэтым выпадку ня трэба плаціць за іх распаўсюд. Такім чынам, можна будзе распаўсюджваць творы, напрыклад, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Цішкі Гартнага, Элізы Ажэшкі.

Іван Шыла

Іван Шыла

«Няма ніякай канкрэтнай прычыны, чаму мы хочам распаўсюджваць кнігі менавіта ў аўтобусах. Выключна асабісты досьвед. Сам, калі езджу ў аўтобусах, чытаю электронныя кнігі. А такую ідэю я пабачыў у трамваі ў польскім Гданьску. Падалося, што гэта цікава і карысна. Мы заклікаем усіх ахвотных далучацца да ініцыятывы і спрабаваць рэалізаваць такую ж ідэю ў сваіх гарадах — у транспарце, шпіталях, школах, усюды, дзе бывае шмат людзей. Мы ў сваю чаргу дапаможам інфармацыйна і тэхнічна», — заявіў Шыла.

У 2006 годзе Салігорскі аўтапарк пачаў агучваць прыпынкі на беларускай мове менавіта пасьля таго, як моладзь сабрала каля дзьвюх тысяч подпісаў.
XS
SM
MD
LG