Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіным зьмястоўным момантам у пяцігадзіннай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі на мінулым тыдні быў сюжэт пра мыта. Вось гэты фрагмэнт:

«На нейкі працэнт нафты зьнялі мыта, а за астатнія — аддайце нам у бюджэт. Мы пералічваем у бюджэт Расеі за нафтапрадукты, вывезеныя на Захад, 4 мільярды даляраў. А калі б яны засталіся ў краіне? Я б пабудаваў тут Эміраты... Пуцін абяцаў, што з 1 студзеня 2014 году ліквідуем усе выняткі [у гандлі]. У адваротным выпадку мы ў Мытны зьвяз нікога не зацягнем».

Такім чынам, зьявіўся новы прадмет торгу між Менскам і Масквою. На кану 4 млрд даляраў. Гаворка ідзе не пра крэдыты, якія калісьці трэба будзе вяртаць, а пра чарговы расейскі падарунак.

За што? Ну, па-першае, за працяг гульні ў постсавецкую інтэграцыю, за ўдзел у будаўніцтве Эўразійскага эканамічнага зьвязу. Вось у нядаўнім інтэрвію казахстанскаму тэлеканалу «24KZ» напярэдадні візыту ў Казахстан Лукашэнка выказаўся вельмі крытычна наконт таго, якімі бачыць Расея пэрспэктывы гэтага ўтварэньня. Калі перакласьці ягоныя прэтэнзіі да Масквы на менш дыпляматычную мову, то іх сэнс можна сфармуляваць так: гэта ваш зьвяз, вы за яго ўтварэньне і плаціце. І на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка дазваляе сабе мяккі шантаж Расеі: «У адваротным выпадку мы ў Мытны зьвяз нікога не зацягнем».

Па-другое, гэта плата за расейскую авіябазу на тэрыторыі Беларусі. Зьвярніце ўвагу, апошнім часам неяк вакол гэтай тэмы ўсё заціхла. На пачатку лета пра базу распавядалі расейскія военачальнікі. Цяпер і яны маўчаць. Зь беларускага боку ўвогуле поўная інфармацыйная блякада.

Усё гэта азначае, што пытаньне падвісла, торг вакол авіябазы працягваецца, бакі ня могуць дамовіцца наконт цаны. 4 млрд даляраў у год — чым не цана страты ваеннага сувэрэнітэту Беларусі?
4 млрд даляраў у год — чым не цана страты ваеннага сувэрэнітэту Беларусі?

Па-трэцяе, за вызваленьне Баўмгертнэра. Падаецца, гэты працэс апошнім часам застопарыўся. Здавалася, ужо ўсё вырашана, усе абяцаньні дадзеныя, засталіся тэхнічныя пытаньні. І Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі казаў:

«Вы б маглі сказаць: аддайце яго нам, расейцам, мы самі разьбярэмся. Калі ласка, няхай прыяжджае генэральны пракурор Чайка, і паводле закону вы забіраеце яго ў камэру ў „Бутырку“ ці ў якім іншым месцы, вядзіце расьсьледаваньне, мы будзем дапамагаць... Пакуль просьбаў такіх не было».

Дык Чайка ж прыяжджаў. У Расеі распачалі крымінальную справу адносна Баўмгертнэра. І прасілі шмат разоў. Аднак Сьледчы камітэт Беларусі катэгарычна заявіў, што пакуль перадаваць Расеі гэтага вязьня не зьбіраецца. Гэта значыць, што Менск зноў падняў стаўкі ў гульні, і кошт вызваленьня закладніка павысіўся. Мусіць, ужо не 100 млн даляраў (кошт стратаў, якія панёс «Беларуськалій» у выніку дзеяньняў «Уралкалія», што разваліў БКК), а 4 млрд даляраў.

Нарэшце, па-чацьвёртае, за сам факт саюзьніцтва. За тое, што Менск усяляк сабатуе рэалізацыю праграмы ЭЗ «Усходняе партнэрства», не зьбіраецца падпісваць ніякіх дамоваў з Эўразьвязам. Магчыма, невыпадкова гаворка пра гэтае мыта ўзьнікла напярэдадні віленскага саміту. Каб на тле памкненьняў Украіны, Малдовы, Грузіі да інтэграцыі з Эўропай у Маскве лепш зразумелі, што саюзьніка трэба добра карміць.

Наколькі рэалістычна для Беларусі дамагчыся такога падарунку ад Расеі? Справа ў тым, што пагадненьне аб сыстэме вяртаньня ў расійскі бюджэт мыта на экспарт нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты на беларускіх НПЗ, працягнута на 2014 год.

Лукашэнка спасылаецца на абяцаньне Пуціна з 1 студзеня 2014 году ліквідаваць усе выняткі ў гандлі ў межах Мытнага зьвязу. Трэба разумець, гаворка ідзе пра тое, што Расея ўзяла на сябе абавязаньне перайсьці з 2015 году на роўнадаходныя цэны ў гандлі энэргарэсурсамі ў межах Адзінай эканамічнай прасторы. Але, напрыклад, па газу такі мэханізм фармаваньня цэнаў адсоўваецца на пяць гадоў.

У беларуска-расейскіх дачыненьнях нельга нешта прагназаваць пэўна. Тут магчымыя ўсялякія павароты. Але ў любым выпадку з будаўніцтвам у беларускіх лясах Эміратаў давядзецца пачакаць.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG