Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лойка: Расейскі сьцяг на лабавым шкле — атрыбут акупацыі


Скульптар Гэнік Лойка падхапіў досьвед іншых грамадзкіх актывістаў у справе змаганьня зь дзяржаўнымі атрыбутамі Расейскай Фэдэрацыі ў салёнах грамадзкага транспарту. Ён прымусіў ня толькі прыбраць расейскі сьцяжок з аўтобуса, які курсіруе ў ягоным раёне, але і абавязаў кіраўніцтва аўтапарку паінфармаваць пра недапушчальнасьць расейскай прапаганды іншых кіроўцаў.

15 кастрычніка Гэнік Лойка, едучы ў аўтобусе 42-га маршруту, убачыў расейскі сьцяжок, які разам зь дзяржаўным беларускім быў прымацаваны да лабавога шкла ў кабіне кіроўцы:

«Паглядзеў на таблічцы, як завуць хлопца, занатаваў прозьвішча, адчыніў вакенца і кажу: Віталь Леанідавіч, калі ласка, здыміце сьцяжок Расеі. Але я ўжо пераканаўся, што да такіх людзей як ні зьвяртайся ласкава, яны ўсё роўна ўпруцца рогам. І гэты хлопец не выключэньне: „А што такое? Нам прадавалі!“ Адказваю: „Калі вам прадавалі, дык пастаўце сабе на кухні, а зараз здыміце“. Тады ён здаўся: „Прыеду на канечную — там і здыму. А зараз я за рулём“. Добра, няхай так, трэба ж людзям верыць. Перапісаў каардынаты аўтобуснага парку № 5, тэлефоны, нумар аўтобуса. Думаю, увечары затэлефаную начальніку, запытаюся, ці выканаў ён маю просьбу? А потым усё ж вырашыў завярнуць у кабінэт і пагаварыць з начальнікам ужывую».

Гэнік Лойка распавёў начальніку аддзелу перавозак 5-га аўтобуснага парку, што сёлета ў лютым быў пакараны за акцыю ў Міжнародны дзень абароны роднай мовы ля сталічнай гімназіі № 4 — за «несанкцыянаванае мерапрыемства» суд прысудзіў яму 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Спадар Лойка перакананы, што дзеяньні кіроўцаў, якія прапагандуюць сымболіку іншай дзяржавы, падпадаюць пад той жа артыкул:

«Кажу яму: я адседзеў 5 сутак у турме роўна за такі ж самы артыкул — парушэньне правілаў правядзеньня грамадзка-палітычных акцый. Бо калі чалавек бярэ сьцяг, то гэта ўжо сымбаль пэўнай краіны. І гэта альбо нейкая акцыя, альбо акупацыя. Дык мяне пасадзілі ў турму, а гэты хлопец баранку круціць да гэтай пары. Трэба адзначыць, што начальства зрэагавала вельмі хутка: далі мне паперу, каб я напісаў сваю скаргу, тут жа затэлефанавалі ў дыспэтчарскую, высьветлілі, што кіроўца ўжо сапраўды зьняў сьцяжок. Тады я сказаў, што паперу пісаць ня буду, але папрасіў, каб мне вусна паведамілі, што пра гэта сказалі ўсяму аўтапарку. Таму што ня толькі ў Менску, але і па Беларусі езьдзіць грамадзкі транспарт з расейскай сымболікай. Маё патрабаваньне, каб ніякай расейскай сымболікі не было».

Намесьнік дырэктара па бясьпецы руху аўтапарку № 5 Сяргей Сергіенка кажа, што воля пасажыра для іх закон і кожная скарга вымагае адпаведнага рэагаваньня. Аднак нейкіх інструкцыяў што да адзінства інтэр’еру кабінаў кіроўцы не існуе:
Хутчэй за ўсё, у дадзеным выпадку ў чалавека непрыманьне саюзнай дзяржавы. А гэта ўжо палітыка

«Трэба разумець, што кожны чалавек — індывідуальнасьць, многія хочуць падкрэсьліць уласнае „я“ на прадмет стаўленьня да падзеі. Магчыма, трэба браць пад увагу і палітычную падаплёку, бо, хутчэй за ўсё, у дадзеным выпадку ў чалавека непрыманьне саюзнай дзяржавы. А гэта ўжо палітыка. Мы тут нічога адназначна сказаць ня можам, усё індывідуальна і ў кожным выпадку трэба таксама разьбірацца індывідуальна. Але калі папрасілі кіроўцу прыбраць, каб не ствараць непатрэбныя праблемы, каб задаволіць чалавека, які зьвярнуўся, і кіроўца паслухаў, прыбраў, то ня бачу ў гэтым нічога звышнатуральнага і страшнага. Калі пасажыр зьвяртаецца — мы мусім рэагаваць. Пасажыр — крыніца нашага заробку, таму прыслухоўваемся, нават калі там нічога не перашкаджае, усё бачна і нікому не замінае. Але гэта як у любой іншай сфэры: у той жа краме пакупнік заўсёды мае рацыю. Таму да кліента даводзіцца прыслухоўвацца».

Гэта ўжо ня першая спроба дэрусыфікацыі грамадзкага транспарту. Сёлета ў красавіку пасьля пісьмовай скаргі незалежнага журналіста Кастуся Шыталя аўтапарк Глыбокага прымусіў кіроўцу прыбраць расейскі сьцяг з кабіны рэйсавага аўтобуса «Глыбокае — Мёры». У верасьні на аналягічную заўвагу культурніцкага актывіста Алеся Мазаніка мусіў адрэагаваць менскі аўтапарк № 2. У адказе кіраўніцтва прадпрыемства паведаміла, што на падставе выяўленых парушэньняў «экіпіроўкі» кіроўцу зьменшаны памер прэміяльнай аплаты. Заадно з лабавога шкла прыбраны і беларускі сьцяжок.

Гэнік Лойка лічыць досьвед папярэднікаў вартым перайманьня і заклікае «адкрыць вочы» ўсім пасажырам:
Наш грамадзкі транспарт ужо акупаваны іншай краінай. А мы яшчэ будзем разважаць, трэба змагацца з гэтым ці не?

«У інтэрнэце пачытаў водгукі на ўчынак Мазаніка: маўляў, нельга пісаць кляўзы, чалавека пазбавілі прэміі і г.д. Няхай ведае, ідзе вайна. Проста дзіўна: з аднаго боку паглядзець — дарослыя людзі гуляюць у нейкія цацачкі, расейскія сьцяжочкі прадаюць. Зь іншага боку, калі зоркі запальваюць, значыць, гэта камусьці трэба. Гэта значыць, нехта атрымлівае за гэта рэальны заробак. І не ў далярах нейкія гранты ад буржуінаў мае, а ў беларускіх рублях. Гэта азначае, што нашы падаткі ідуць на заробак вось гэтым дзядзечкам. Якія нібыта гуляюцца ў бяскрыўдныя гульні, нібыта нічога страшнага ў тым, каб навадніць Беларусь расейскай мовай і расейскай сымболікай. І пакуль мы ўвязаныя ў такога кшталту дыскусіі — варта, ня варта гэта рабіць — ідзе ня проста русыфікацыя, а сапраўдная акупацыя. Наш грамадзкі транспарт ужо акупаваны іншай краінай. А мы яшчэ будзем разважаць, трэба змагацца з гэтым ці не?»

Як удалося высьветліць, у немалой ступені «падстаўляюць» кіроўцаў ідэолягі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Многія маладыя людзі зь ліку супрацоўнікаў аўтапаркаў дзеля масавасьці мабілізуюцца ў шэрагі БРСМ і вымушаныя ў якасьці складак набываць прапагандысцкую атрыбутыку, уключна з партатыўнымі сьцяжкамі на ліпучках. Такім чынам нібыта падкрэсьліваецца еднасьць двух народаў у межах так званай саюзнай дзяржавы. Аднак распаўсюд падобнай прадукцыі супярэчыць найперш правілам дарожнага руху — яны забараняюць упрыгожваць лабавое шкло прадметамі, якія адцягваюць увагу кіроўцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG