Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: «У нас няма канфрантацыі са Сьледчым камітэтам Расеі»


Уладзіслаў Баўмгертнэр

Уладзіслаў Баўмгертнэр

Прадстаўнік Сьледчага камітэту Беларусі Павал Траулька не падзяляе думкі расейскага выданьня «Известия» пра тое, што беларускія ўлады не зьбіраюцца выдаваць Уладзіслава Баўмгертнэра расейскім сьледчым.

Павал Траулька паведаміў, што дакумэнтаў адносна справы Ўладзіслава Баўмгэртнэра з Расеі Сьледчы камітэт Беларусі не атрымліваў і пытаньне пра экстрадыцыю абвінавачанага цяпер не стаіць:

«Са Сьледчым камітэтам Расеі тут няма ніякага змаганьня ці канфрантацыі. Яны завялі крымінальную справу на падставе матэрыялаў, якія мы ім прадставілі. Гэта цалкам лягічна. Прадстаўнік Сьледчага камітэту Расеі Маркін сказаў, што яны рыхтуюць дакумэнты аб экстрадыцыі па гэтай справе. Мы далей будзем кантактаваць. Калі будуць нейкія зрухі, нейкія сумесныя дзеяньні, мы пра гэта скажам. На сёньня мне сказаць пра экстрадыцыю няма чаго. Хочуць рабіць навіны там, дзе няма ніякіх навінаў, — ну, хай робяць», — сказаў Павал Траулька.

«Беларусь не зьбіраецца выдаваць кіраўніка „Ўралкалія“ ў Расею», — пад такой назвай зьявіўся сёньня ў расейскім выданьні «Известия» артыкул, які быў перадрукаваны шэрагам інтэрнэт-рэсурсаў.

Паводле Паўла Траулькі, сьледзтва ў справе Баўмгертнэра працягваецца, мера стрыманьня адносна яго застаецца той самай — гендырэктар «Уралкалія» знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд.

Паводле расейскіх мэдыяў, адвакаты Ўладзіслава Баўмгэртнэра ў Расеі ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы дакумэнтаў аб экстрадыцыі гендырэктара «Ўралкалія» зь Беларусі ў Расею. «Мы па меры сіл дапамагаем сьледчым рыхтаваць дакумэнты на экстрадыцыю. Усе зацікаўленыя ў тым, каб Уладзіслаў Баўмгертнэр хутчэй вярнуўся ў Расею», — цытуюць «Известия» расейскага адваката Юлія Тая.

У Менску адвакат Уладзіслава Баўмгертнэра Дзьмітрый Гарачка адмовіўся камэнтаваць і гэтыя зьвесткі, і расьсьледаваньне ў цэлым. Дзьмітрый Гарачка нагадаў пра просьбу свайго падабароннага цалкам устрымлівацца ад камэнтароў адносна справы. Паводле Дзьмітрыя Гарачкі, Уладзіслаў Баўмгертнэр па-ранейшаму ў Менску, яго рэгулярна наведваюць адвакаты. Пра здароўе Ўладзіслава Баўмгертнэра адвакат сказаў:

«Са здароўем усё застаецца бязь зьменаў».

Аляксандар Лукашэнка ў канцы мінулага тыдня падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў паабяцаў выдаць Уладзіслава Баўмгертнэра Расеі пры ўмове расьсьледаваньня гэтай справы расейскім бокам.

Гендырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр быў арыштаваны ў Менску 26 жніўня паводле абвінавачаньня ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. У канцы верасьня, напярэдадні прыезду ў Беларусь расейскага прэзыдэнта Пуціна, меру стрыманьня Баўмгертнэру зьмянілі на хатні арышт.
XS
SM
MD
LG