Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапраўдны геоляг — заўжды экстрасэнс, ён носам чуе. Варта такому шаману горнай выведкі, ведуну радовішчаў і падземных скарбаў апынуцца ў запаветным месцы, як павекі яго пачынаюць дрыжэць... запэцканая тушонкай гітара падае долу... вогнішча гасьне; у сэрцы ягоным робіцца цесна, вочы закочваюцца, а вусны міжволі шэпчуць таямнічыя словы на нейкай пра-мове, загадкавай мове зямлі, пнёў і карысных выкапняў: ое-сое-кайназое, буры-бэра-эр-сямнаццаць...

І ўсё: прыбраўшы геоляга, на месцы, дзе ён толькі што стаяў, можна сьмела капаць — штосьці ды знойдзеш.

На пачатку трыццатых гадоў мінулага стагодзьдзя ўраджэнец Магілёва, выпускнік Фрайбэргскай горнай акадэміі, аўтар бэстсэлера «Карысныя выкапні БССР і пэрспэктывы іх скарыстаньня» Аляксандар Розін раптам адчуў, што ў Беларусі на Палесьсі ёсьць нафта. Але яму ніхто не паверыў — барацьба з шаманамі і ведунамі ў імпэрыі рабочых і сялянаў была ў поўным разгары. Давялося Аляксандру Розіну займацца праблемай газаноснасьці чацьвярцічных адкладаў Чашніцкага раёну.

Уласную, хай сабе невялічкую, але цалкам Савудаўскую Арабію Беларусь адкапала толькі праз трыццаць гадоў. Тысячагодзьдзямі хадзілі беларусы па сваёй роднай зямлі, тапталі яе нагамі і закопвалі туды адзін аднаго, і ніхто ня думаў ні пра якую нафту — а тут на табе. Раней бурылі нас, цяпер мы самі пачалі бурыць. У жніўні 1964 году паблізу ад Капараўкі пад Рэчыцай зь беларускай зямлі ўпершыню палілося золата, чорнае, як панна Нясьвіжа, а 17 кастрычніка панны тыя палезьлі зь зямлі ў маштабе, які без агаворак можна было назваць прамысловым.

Вось яно, здавалася б, шчасьце і старшынства ў арганізацыі краін-экспарцёраў ойлу... Але ўсю здабытую нафту выпілі маскоўскія прыгнятальнікі — і запатрабавалі яшчэ. Для таго, каб кожную раніцу ў Крамлі на стале стаяла шклянка сьвежае нафты, беларускі шахцёр вымушаны быў працаваць ад ночы да зары.

Валянцін Зайцаў і Уладзімер Галка — так звалі першапраходцаў, чые брыгады прабілі ў целе маці-краіны дзьве першыя незагойныя сьвідравіны. Сто дваццаць шэсьць тон, шэсьцьсот тон... У канцы дзевяностых было выкачана ўжо больш за сто мільёнаў — а яна ўсё ліецца. Быццам бы Беларусь цішком падключылася да нейкай суседзкай трубы. І што з таго, што труба ніякая не суседзкая, а свая, і што з таго, што няма ўжо ніякіх маскоўскіх прыгнятальнікаў? Усё роўна так і хочацца яе суседзям аддаць. Не шкада. Беларусам наагул нічога ніколі не шкада.

У газэце беларускіх нафтавікоў «Нефтянік» па-беларуску тры словы: «Дажынкі» ды «Слонімскі карагод». Наагул, такое адчуваньне, што нашу нафту нам пазычылі расейцы, па дабраце сваёй душэўнай. Затое там расказваецца пра Эквадор, пра тое, як спэцыялісты «Беларуснафты» займаюцца выведкай у джунглях. «Дікіе места заселены індейскімі племенамі, некоторые із ніх прінціпіально не пользуются телевізорамі, компьютерамі, другімі благамі современной цівілізаціі, свято соблюдая традіціонный уклад жізні предков». А можа, і праўда, ну іх, тыя блага і тую нафту? Адны праблемы ад іх. Запісацца б вось у геолягі і паехаць у Эквадор. А яны тут няхай самі разьбіраюцца ў сваіх тэлевізарах, каму хлеб з калійнай сольлю падносіць і каго нафтай паіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG