Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне ўсё часьцей гучаць скаргі ад насельніцтва на перабоі з продажам малочных харчоў.

Людзі незадаволеныя якасьцю і асартымэнтам. На перабоі ў продажы масла наракаюць жыхары Бабруйску і Глуску. Тым часам мясцовыя вытворцы малочнай прадукцыі заяўляюць, што ім адным цяжка задаволіць попыт насельніцтва. Пастаўшчыкі зь іншых рэгіёнаў Беларусі, паводле іх, пакрысе сыходзяць зь мясцовага рынку.

Пра тое, што ў бабруйскіх і глускіх крамах перабоі з пастаўкамі малочных харчоў, апавялі мясцовыя жыхары. Паводле іх, апошнім часам яны ня могуць набыць недарагой малочнай прадукцыі. Існуюць праблемы з набыцьцём масла. Адно з характэрных меркаваньняў:

«Танны тварог, танная сьмятана — іх паступае дужа мала. Таннага практычна немагчыма прыдбаць. Трэба ўпільнаваць і схапіць, калі пасьпееш. У чэрвені, ліпені ўжо перабоі пачаліся. Я была ў сына ў Расеі. У Ліпецку. Дык вось там нашых беларускіх тавараў колькі хочаш».

Пра дэфіцыт масла ў крамах піша і мясцовая прэса. У камэнтарах да публікацыяў чытачы называюць канкрэтныя крамы, дзе масла не было, калі яны туды наведаліся.

У саміх крамах пра дэфіцыт малочнай прадукцыі гавораць неахвотна. Найчасьцей запэўніваюць, што на іхных паліцах шырокі асартымэнт тавару. Тым ня менш у некаторых крамах праблему ўсё ж прызнаюць.

«Масла, як у нашы прыватныя крамы, даецца, але дужа рэдка. Калі даюць дваццаць пакецікаў масла, то гэта на паўдня. Сьмятана даецца, але не заўжды тое, што хочаш. Тварог ёсьць, але не заўжды той, які хочаш, то бок аднаго віду можа быць», — кажа пра сытуацыю адна з гандлярак.

Бальшыня нараканьняў, якія давялося пачуць ад гандляроў, тычылася якраз абмежаванасьці выбару малочных харчоў. Вытворцы «малочкі», заяўляюць гандляры, не выконваюць іхных замоваў. У адной з крамаў гандлярка пачала пералічваць праблемы з тлустасьцю тварагу:

«Тую тлустасьць, якую трэба, то кажуць — няма. Дапусьцім, была тлустасьць 3,7, а яны гналі нам 1,5 працэнта тлустасьці. Потым перабоі з маслам былі. Мы шукалі яго, каб закупіць, паўсюль. Потым вось сьмятана. Прывыклі да дваццаціпрацэнтнай тлустасьці. А цяпер ужо „дваццаткі“ няма».

У бабруйскім філіяле холдынгу «Магілёўская малочная кампанія «Бабушкіна крынка» сьцьвярджаюць, што сытуацыя з пастаўкамі малочных харчоў у гандлёвую сетку нармалізуецца, аднак існуюць праблемы. Прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства тлумачыць іх гэтак:
На сёньня цэльнамалочная прадукцыя стратная. Усе разумныя цяпер пагналіся за даўгімі грашыма

«Быў момант, калі не хапала прадукцыі. Так, быў! Проста сышлі іншыя пастаўшчыкі, якія пастаўлялі прадукцыю. На сёньня цэльнамалочная прадукцыя стратная. Усе разумныя цяпер пагналіся за даўгімі грашыма. Калі ўсё гэта было выгадна, усе сюды везьлі прадукцыю, і Бабруйск ува ўсіх браў. А цяпер, калі цяжкі момант, хочуць, каб усё пазакрывалі толькі мясцовыя пастаўшчыкі».

У Бабруйскім гарвыканкаме таксама заяўляюць, што масла ў продажы цяпер ёсьць. Праводзіцца маніторынг яго наяўнасьці ў крамах.

«Быў часовы збой, бо народ, як заўжды, паніку падымае. Замест таго каб узяць адзін пачак, народ пачаў браць па тры-пяць. То бок пакупнік сам правакуе нейкія моманты. Нэгатыўныя. Можа, вытворцы іншагароднія, далёкія менш сталі ў дастатковым аб’ёме выконваць заяўкі, бо, можа, на Расею, відаць, адпраўляць сталі болей. Я ж не магу камэнтаваць дзеяньні пастаўшчыкоў», — зазначае супрацоўніца гарвыканкаму.

Праблемы з набыцьцём малочных харчоў — ня толькі ў жыхароў Бабруйску і Глуску. Камітэт дзяржкантролю па Магілёўскай вобласьці прызнаў, што жыхары Магілёва, Асіповічаў, Крычава, Хоцімску і шэрагу іншых райцэнтраў таксама скардзяцца на адсутнасьць у крамах малочнай прадукцыі. Называецца масла, кефір, малако. Людзі незадаволеныя іхнай якасьцю і абмежаванасьцю выбару. Між тым прызнаецца, што ў 14 раёнах вобласьці аб’ёмы вырабу малака зьнізіліся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG