Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль «Зробім лепш» праверыў беларусаў на шчодрасьць


Канцэрт Зробім лепш 15 кастрычніка 2013

Канцэрт Зробім лепш 15 кастрычніка 2013

15 кастрычніка ў клюбе «Re: public» пры аншлягу прайшоў першы «шчыры» фэстываль «Зробім лепш» пры інфармацыйнай падтрымцы Радыё Свабода.

Фэстываль, арганізаваны ў межах кампаніі «Зробім лепш!», адзначыўся вяртаньнем на беларускую сцэну VINSENT’а, якога, мяркуючы па рэакцыі публікі, вельмі чакалі на Радзіме. Адбыліся выступы і яшчэ трох ня менш чаканых беларускіх гуртоў NAVI, HURMA і AMAROKA.



Уваход на фэстываль быў бясплатны, але арганізатары канцэрту, ініцыятывы «Беларускі гальфстрым» і «Арт Сядзіба», апрабавалі на ім новую канцэпцыя «шчырых канцэртаў». Сэнс яе ў тым, што на мерапрыемства кожны можа прыйсьці бясплатна, але на працягу ўсёй імпрэзы прапануецца набыць у касе квіток і, такім чынам, падтрымаць арганізатараў ды паспрыяць правядзеньню наступнага.

Пра вынікі акцыі і беларускую шчодрасьць распавёў адзін з арганізатараў мерапрыемства Мікіта Броўка:

— Паводле прыблізных падлікаў, фэстываль наведалі каля 800 чалавек. Па сканчэньні мерапрыемства ў касе купілі квіткоў на 2,5 мільёны рублёў, гэта роўна 50 квіткоў. Такім чынам першы «шчыры канцэрт» паказаў, што толькі каля 7 адсоткаў наведнікаў напрацягу фэсту набылі на яго квіток. Паказьнікі невялікія, але гэтыя грошы могуць пакрыць арэнду музычнага абсталяваньня ў клюбе.



Арганізатары таксама зазначылі, што ад ідэі не адмаўляюцца і спадзяюцца, што з кожнай імпрэзай паказьнікі шчодрасьці будуць расьці. А каб правесьці наступны «шчыры канцэрт», будуць шукаць дадатковых спонсараў, бо агульны бюджэт правядзеньня падобнага мерапрыемства, каб пакрыць усе выдаткі, павінен складаць каля дзьвюх тысячаў даляраў, — распавядае Мікіта Броўка.

Паводле яго словаў, галоўная задача — зрабіць, каб на канцэрты беларускіх маладых гуртоў хадзіла нашмат больш людзей — прынамсі, на гэтым фестывалі была выкананая.

Радыё Свабода на канцэрце разыграла кнігі і дыскі зь Бібліятэкі Свабоды ды флэшку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG