Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюзы Ўкраіны падтрымалі мазырскіх галадоўнікаў


Міхаіл Валынец

Міхаіл Валынец

Канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў Украіны выказала салідарнасьць зь лідэрамі арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Мазырскага НПЗ, якія трэці дзень праводзяць галадоўку пратэсту.

Старшыня прафсаюзнай арганізацыі БНП Юрый Швец і ягоны намесьнік Васіль Альхоўскі галадаюць з 14 кастрычніка, пратэстуючы супраць несправядлівага звальненьня пецярых актывістаў БНП, а таксама супраць ціску адміністрацыі на сябраў альтэрнатыўнага прафсаюза.

У лісьце старшыні Канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Украіны Міхаіла Валынца на імя гендырэктара ААТ «Мазырскі НПЗ» Анатоля Купрыянава агучаная падтрымка дзеяньняў мазырскіх прафсаюзных лідэраў. У дакумэнце падкрэсьліваецца сур’ёзная занепакоенасьць фактамі незаконнага звальненьня сябраў незалежнага прафсаюзу Мазырскага НПЗ Генадзя і Тацяны Баброўнікаў, Уладзімера Ключнікава, Аляксея Ермака і Івана Шабана.

«Дзеяньні адміністрацыі прадпрыемства зьяўляюцца грубейшым парушэньнем Канвэнцыі № 87 Міжнароднай арганізацыі працы «Аб свабодзе асацыяцыі і абароне права на арганізацыю», — цытуе тэкст звароту сайт КСПУ.

Украінскі прафсаюзны цэнтар выказаў спадзеў, што кіраўніцтва Мазырскага НПЗ «у самыя кароткія тэрміны адновіць парушаную справядлівасьць».
XS
SM
MD
LG