Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Глябальным індэксе рабства» Беларусь на 117-м месцы


«Дасьледаваньні, праведзеныя ў Беларусі, Малдове і ва Ўкраіне, фіксуюць у гэтым рэгіёне дзясяткі тысяч ахвяраў — значна больш, чым нешматлікія выпадкі, зарэгістраваныя ўрадамі», — гаворыцца ў першым дасьледаваньні «Глябальны індэкс рабства».

«Глябальны індэкс рабства» разглядае сытуацыю ў 162 краінах сьвету.

Больш за 29 мільёнаў чалавек у сьвеце жывуць ва ўмовах рабства. Аўтары дакладу адзначаюць, што рабству ў 21-м стагодзьдзі спрыяюць карупцыя і міграцыйныя плыні.

Украіна займае 86-е месца.

З былых савецкіх рэспублік найгоршая сытуацыя ў Малдове, якая ў індэксе займае 6-е месца.

«У шмат якіх краінах малдаўскія грамадзяне траплялі ў сытуацыі, якія можна назваць рабствам. Гэта эксплюатацыя людзей у сэкс-індустрыі, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы і хатняй працы».

Расея знаходзіцца на 49-м месцы:

«Факты міжнароднага гандлю людзьмі былі зафіксаваныя ў розных галінах жыцьця Расеі. Працоўныя-мігранты ўдзельнічаюць у будаўніцтве інфраструктуры для буйных мерапрыемстваў, такіх, як маючыя адбыцца зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы».

Першае месца ў індэксе займае Маўрытанія, якая мае найбольшую колькасьць зьняволенага насельніцтва. У гэтай заходнеафрыканскай краіне глыбока ўкаранілася сыстэма спадчыннага рабства. Як мяркуюць экспэрты, тут на 3,8 мільёна чалавек насельніцтва прыпадае 150 тысяч нявольнікаў.

На другім месцы — карыбская краіна Гаіці, дзе шырока распаўсюджанае дзіцячае рабства.

3-е месца займае Пакістан.




«Сучаснае рабства мае шмат формаў і назваў: гандаль людзьмі, прымусовая праца, рабства або падобныя звычаі (у тым ліку даўгавая кабала, прымусовы шлюб, продаж або эксплюатацыя дзяцей, у тым ліку ў збройных канфліктах). Ахвяры сучаснага рабства пазбаўленыя свабоды, іншыя асобы выкарыстоўваюць, кантралююць і эксплюатуюць іх дзеля прыбытку, сэксу ці асалоды ад панаваньня», — тлумачаць аўтары дакладу.

«Было б прыемна думаць, што рабства — рэлікт гісторыі, але гэты шнар на целе чалавецтва існуе дагэтуль на ўсіх кантынэнтах. Гэта першы індэкс рабства, але ён ужо дапамагае акрэсьліць, што рабіць у нацыянальным і сусьветным маштабе, каб выкараніць сучаснае рабства па ўсім сьвеце. Цяпер мы ведаем, што больш за тры чвэрці тых, хто трапіў у пастку сучаснага рабства, пражывае ўсяго ў дзесяці краінах», — заявіў Нік Грон, генэральны дырэктар Walk Free Foundation.

«Большасьць урадаў ня хочуць глыбей займацца праблемай рабства. (...) Многія ўрады не жадаюць ведаць пра людзей, якія ня могуць галасаваць, хаваюцца і ўвогуле, верагодна, жывуць на нелегальным становішчы. (...) Паколькі са схаванымі рабамі можна не лічыцца, лёгка зрабіць выгляд, што іх не існуе», — кажа прафэсар, вядучы дасьледчык Індэксу Кэвін Бэйлз.

Дасьледаваньне праводзілася пры кансультацыях зь міжнароднай групай экспэртаў, аналітычных цэнтраў і навуковых устаноў. Праект падтрымалі былы дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан, былыя прэм’ер-міністры Вялікай Брытаніі Тоні Блэр і Гордан Браўн.
XS
SM
MD
LG