Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка вырашыць, хто паедзе на саміт «Усходняга партнэрства»


Пытаньне ўдзелу Беларусі ў саміце «Ўсходняга партнэрства» Эўразьвязу ў Вільні знаходзіцца ў кампэтэнцыі кіраўніка краіны — заявілі ў МЗС Беларусі.

Беларусь пацьвярджае факт атрыманьня афіцыйнага запрашэньня на саміт Усходняга партнэрства, які адбудзецца 28-29 лістапада ў Вільні, заявіў агенцтву Інтэрфакс прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных.

«Гэтае запрашэньне ідэнтычна як па зьмесьце, так і працэдуры ўручэньня запрашэньняў, перададзеных iншым краiнам-партэнрам Усходняга партнэрства. Гэта прынцыповае пытаньне, паколькі Беларусь заўсёды прытрымлівалася пазыцыі неабходнасьці забесьпячэньня сапраўды раўнапраўнага падыходу да ўзаемадзеяньня ў рамках партнэрства», — заявіў Савіных.

«Цяпер пытаньне ўдзелу Рэспублікі Беларусь у маючым адбыцца саміце знаходзіцца ў кампэтэнцыі кіраўніка беларускай дзяржавы» , — адзначыў ён.

Намесьнік міністра замежных спраў Літвы Андрус Крывас днямі ўручыў беларускаму амбасадару ў Літве Ўладзімеру Дражыну запрашэньне для ўдзелу Беларусі ў саміце краін — удзельніц праграмы «Ўсходняе партнэрства».

Паводле інфармацыі МЗС Літвы, запрашэньні таксама перададзеныя дыпляматам Армэніі, Азэрбайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Лісты падпісаны прэзыдэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце, прэзыдэнтам Эўразьвязу Германам ван Рампэем і старшынёй Эўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу.


10 кастрычніка прэм’ер-міністар Літвы Альгірдас Буткявічус заявіў, што кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус мае сустрэцца з Лукашэнкам, каб перадаць яму запрашэньне для прадстаўніка Беларусі ўзяць удзел у саміце краін «Усходняга партнэрства» Эўразьвязу, які пройдзе 28-29 лістапада ў Вільні. Ніякае прозьвішча ў запрашэньне ўпісанае ня будзе.

Інфармацыі пра гэтую сустрэчу не было.

Буткявічус пры гэтым адзначыў, што прэзыдэнт Беларусі значыцца ў «чорным сьпісе» Эўразьвязу. У якасьці найбольш рэальнага госьця зь Беларусі на саміце часьцей за ўсё называецца кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімір Макей.

Літва старшынюе ў Радзе Эўразьвязу з 1 ліпеня.
XS
SM
MD
LG