Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чыжоўка-арэну» не здадуць да 7 лістапада. Лукашэнка: «Вы мне тройчы абяцалі!»


Чыжоўка-арэна

Чыжоўка-арэна

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка не задаволены, што тэрміны здачы «Чыжоўка- Арэны» зацягваюцца.

«Вы мне тройчы абяцалі здаць аб’ект да 7 лістапада і ня выканалі ўласныя абяцаньні! Мы ж ужо пераносілі тэрміны! І прыдумалі нейкія пускавыя комплексы! Гэта ваша права: вы можаце пускаць па трох, па пяці комплексах, але да 7 лістапада будаўнікі павінны былі адтуль сысьці», — заявіў Лукашэнка.

На нарадзе па пытаньнях падрыхтоўкі да чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе старшыня Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька сказаў, што да 7 лістапада будзе ўведзены так званы першы пускавы комплекс «Чыжоўкі-Арэны», а цалкам аб’ект будзе здадзены ў эксплюатацыю да 15 сьнежня, перадае БелТА.

Маўляў, усе асноўныя работы выкананы, завяршаецца аздабленьне фасадаў.

Апошнім часам на будоўлі быў аўрал. На яе прыцягваюцца студэнты і работнікі прадпрыемстваў.

26 ліпеня Мікалай Ладуцька абяцаў Лукашэнку, які знаёміўся з будаўніцтвам менскага аквапарку, што «Чыжоўку- Арэну» здадуць да 7 лістапада.

«Будаўніча-мантажныя работы выкананы на 85%. Інжынэрнае абсталяваньне ўсё вызначана, праведзены тэндэры, і вялікая частка яго пастаўленая. Маем магчымасьць ужо 7 лістапада запрасіць Вас на ўрачыстае адкрыцьцё гэтага аб’екта», — рапартаваў Ладуцька.

Спачатку плянавалася, што «Чыжоўка- Арэна» будзе гатовая ў ліпені 2013 году.
XS
SM
MD
LG