Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты пачынаюць вучыць беларускіх татараў, як трэба маліцца


Сяргей Богдан

Сяргей Богдан

Ці адчуваецца розьніца ў стаўленьні беларусаў да тых мусульман, якія стагоддзямі жывуць у краіне, і да тых, якія прыехалі ў Беларусь адносна нядаўна? Ці знаходзяць агульную мову беларускія татары з выхадцамі з мусульманскіх краінаў, якія зьявіліся ў Беларусі за апошнія гады? На гэтыя пытаньні адказвае дактарант бэрлінскага Свабоднага ўнівэрсытэту, экспэрт у справах мусульманскага сьвету Сяргей Богдан.

— Ці можна сказаць, што стаўленьне беларусаў да тых мусульман, якія стагоддзямі жывуць у краіне (а гэта беларускія татары), адрозьніваецца ад стаўленьня да тых новых мусульман, што прыехалі ў Беларусь адносна нядаўна? Паводле агульнага меркаваньня, беларусы мірна і згодна жылі зь беларускімі татарамі, не заўважалася канфліктаў і моцных супярэчнасьцяў. Ці пераносіцца такое ж стаўленьне да мусульманаў, што прыяжджаюць у Беларусь апошнія гады?

— Мне падаецца, што гэтае стаўленьне радыкальна адрозьніваецца — у дачыненьні да той часткі беларускай нацыі, якая вызнае іслам і вядомая як «беларускія татары», і ў дачыненьні да тых мусульман, хто прыехаў у Беларусь апошнія гады. І гэтае адрозьненьне я б нават не праводзіў толькі па рэлігійнай лініі. Беларусы дастаткова насьцярожана ставяцца ня толькі да мігрантаў мусульманскага паходжаньня, але, напрыклад, і да армянаў.

Безумоўна, што праблема адаптацыі новых мігрантаў існуе і яна асабліва не вырашаецца ўладамі. Калі зьвярнуць увагу на тое, што некаторыя імамы ў Беларусі фактычна дзейнічаюць у інтарэсах Турэччыны — то гэта яўна не спрыяе інтэграцыі. Гэта спрыяе толькі таму, што адасабліваецца частка насельніцтва Беларусі, якая магла б быць больш інтэграванай. Тое, што сёньня здаецца невялікай праблемай (што не інтэгравана некалькі дзясяткаў тысяч чалавек), то ў пэўнай пэрспэктыве гэта прывядзе да нядобрых наступстваў. Асабліва гэта датычыцца пэўных згуртаваных этнічных супольнасьцяў, якія займаюць спэцыфічную сацыяльна-эканамічную нішу.
Некаторыя імамы ў Беларусі фактычна дзейнічаюць у інтарэсах Турэччыны

— Ці знаходзяць агульную мову беларускія татары, якія сапраўды зьяўляюцца часткай беларускай нацыі, з выхадцамі з мусульманскіх краінаў, якія зьявіліся ў Беларусі за апошнія гады, і як вы прызналіся, часам не інтэграваныя ў беларускую супольнасьць?

— Унутры самой мусульманскай грамады падзелу на гэтым прынцыпе (хто стары, а хто прыежджы), здаецца, няма. Але праблема ў тым, што цягам апошніх гадоў паступова мяняецца пад уплывам новых мігрантаў абраднасьць, напрыклад, як чытаць пятнічны намаз. Паступова запаноўвае ўсё больш строгая працэдура.

Сярод беларускіх татараў заўсёды быў свой падыход да ўсіх гэтых пытаньняў — рытуалаў, веры. І цяпер гэта ўсё разбураецца новымі мігрантамі, якія пачынаюць вучыць татараў, як усё трэба рабіць. І новыя мігранты значна ўплываюць на тое, як спавядаецца іслам, у тым ліку і ўжо сярод татараў. І гэта праблема, бо гэта тое, што ў пэрспэктыве можа адарваць частку беларускай нацыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG